Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходняя прэса пра расейска-грузінскі канфлікт


На старонках вядучых выданьняў сьвету сёньня дамінуюць тэмы, зьвязаныя з расейска-грузінскім канфліктам.


Лёнданскі штодзёньнік "Times" у артыкуле свайго амэрыканскага карэспандэнта Джэрарда Бэйкэра сьцьвярджае, што Ўладзімір Пуцін ў сваіх дачыненьнях з Грузіяй выкарыстоўвае раздвоенасьць амэрыканскай палітыкі ў адносінах да Масквы. Бэйкэр зьвяртае ўвагу, што акрамя даволі стрыманай крытыкі расейскай вайсковай апэрацыі ў Грузіі, афіцыйны Вашынгтон не зрабіў ніякіх іншых крокаў, каб дапамагчы Тбілісі.

„Хоць Злучаныя Штаты падтрымліваюць добрыя працоўныя адносіны з Саакашвілі, звычайная Realpolitik вымагае, каб падтрымліваць добрыя адносіны — нягледзячы на шматлікія правакацыі — з Масквою,” — піша Бэйкэр. Паводле карэспандэнта, маскоўская падтрымка пазыцыі Вашынгтону ў адносінах да іранскай ядзернай праграмы ці нэўтральнасьць Расеі ў іншых важных для ЗША пытаньнях геапалітыкі пераважае сур'ёзнасьць грузінскага пытаньня для амэрыканскіх палітыкаў.

Над пытаньнем, што ЗША і іх саюзьнікі маглі б зрабіць пасьля ўварваньня расейскіх войскаў у Грузію, разважае таксама амэрыканскі палітоляг Эдуард Джозэф у "International Herald Tribune". Джозэф даходзіць да высновы, што моцным сыгналам кансалідацыі Захаду перад абліччам расейскай апэрацыі ў Грузіі, які не справакаваў бы небясьпечнага забурэньня ў геапалітыцы, было б прыняцьцё Македоніі ў НАТА. "Македонія можа ляжаць за 1200 міляў на поўдзень ад Грузіі, але яе суседам зьяўляецца Косава — дзяржава, чыё нядаўняе аб’яўленьне незалежнасьці Расея скарыстала, каб павысіць напружаньне вакол Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі,” — піша Джозэф. „Запрашаючы цяпер Македонію, НАТА паслала б Расеі адначасова тры паведамленьні. Па-першае, заявіла б Маскве — ды таксама Грузіі і яе суседзям — што НАТА рашуча працягвае ісьці дарогаю пашырэньня... Па-другое, з Балканаў на Каўказ пайшоў бы сыгнал наконт захаваньня цэласнасьці малых дзяржаваў. І апошняе, Масква атрымала б ясны сыгнал, што Захад не талеруе "замарожаных канфліктаў", ці то ў Грузіі, ці то ў суседнім з Македоніяй Косаве, дзе Расея моцна падтрымлівае тых сэрбаў, якія выступаюць супроць новай дзяржавы".

У "Washington Post" былы савецкі прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў сьцьвярджае, што сваімі каранямі канфлікт у Паўднёвай Асэтыі сягае 1991 году, калі Грузія ліквідавала паўднёваасэтынскую аўтаномію. Паводле Гарбачова, Саакашвілі рашыўся на вайсковую інтэрвэнцыю ў Паўднёвай Асэтыі, будучы ўпэўненым, што атрымае падтрымку з Захаду. Гарбачоў недвухсэнсоўна дае зразумець, што Тбілісі спадзявалася перш за ўсе на амэрыканскую падтрымку. „Калі праблемы Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі палыхнулі першы раз, я прапанаваў, каб вырашыць іх шляхам фэдэрацыі, якая дала б абедзьвюм рэспублікам шырокую аўтаномію. Гэтую ідэю тады адкінулі, асабліва грузіны. Падыходы паступова мяняліся, але пасьля апошняга тыдня будзе значна цяжэй дайсьці да паразуменьня нават на такой аснове,” — піша Гарбачоў.

"New York Times" у сёньняшнім рэдакцыйным матэрыяле сьцьвярджае, што Саакашвілі „неразумна ўцягнуўся ў расейскую пастку”, калі паслаў свае войскі ў сэпаратысцкую Паўднёвую Асэтыю. Але газэта не знаходзіць ніякага апраўданьня і для расейскай вайсковай рэакцыі, якая, паводле рэдактараў, плянавалася таксама як урок для Украіны, каб тая не сьпяшалася ў НАТА. „Спадар Саакашвілі мусіць пакінуць свае амбіцыі ўстанавіць кантроль над двума [сэпаратысцкімі] рэгіёнамі. Ягоны пралік давёў да таго, што яго армію разьбілі, а краіне нанесьлі вялікія страты,” — піша газэта. -- „Злучаныя Штаты і Эўропа таксама павінны цьвяроза зірнуць на будучыню сваіх адносінаў з Расеяй. Ні адзін, ні другі бок не пратэставаў дастаткова голасна і пераканаўча, калі спадар Пуцін выкарыстоўваў расейскія нафту і газ, каб шантажаваць сваіх суседзяў, наступаў на горла свабоднай прэсе ў Расеі ці перасьледаваў і кідаў у турмы сваіх апанэнтаў.”

Аналітык нашага радыё Даніел Кімідж у сваім артыкуле, апублікаваным на ангельскамоўным сайце Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, піша, што Масква хоча паказаць сваёй апэрацыяй у Грузіі, што Расея — адзіная краіна, якая можа і будзе выкарыстоўваць вайсковую сілу для абароны сваіх інтарэсаў на тэрыторыі СНД. „Новы парадак, які Масква хацела б бачыць пасьля вайны Расеі з Грузіяй, — гэта такі, у якім Расея пільнуе зоны сваіх уплываў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу пры дапамозе вайсковай сілы выключна паводле свайго выбару, а роля „міжнароднай супольнасьці” зводзіцца толькі да агучваньня заяваў,” — піша Кімідж.
XS
SM
MD
LG