Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 сутак за пікет каля расейскай амбасады


Суд Цэнтральнага раёну арыштаваў на 10 сутак актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Людвісю Атакулаву.

Дзяўчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яе затрымалі 11 жніўня разам зь некалькімі паплечнікамі каля будынку расейскай амбасады. Маладафронтаўцы патрабавалі спыніць расейскую агрэсію супраць Грузіі.

Людвісю Атакулаву прывезьлі на суд на пачатку працоўнага дня. Яе паплечнікі прыйшлі пасьля 9 раніцы і чакалі, калі прывязуць Людвісю, на ганку суду. Праз гадзіну яны ўбачылі, як міліцыянты выводзяць дзяўчыну з будынку і саджаюць у машыну. Людвіся пасьпела крыкнуць, што ёй далі 10 сутак.

11 жніўня некалькі актывістаў “Маладога фронту” правялі пікет насупраць будынку расейскай амбасады. Яны трымалі расьцяжкі з патрабаваньнем спыніць агрэсію супраць незалежнай Грузіі і плякаты з фотаздымкамі зь месцаў баёў. Апроч таго, маладафронтаўцы перадалі ў амбасаду пэтыцыю, у якой заклікалі расейскія ўлады, сярод іншага, перагледзець зьнешнепалітычную дактрыну і спыніць інфармацыйную кампанію ў расейскіх СМІ, якая стварае нэгатыўны вобраз Грузіі.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі чалавек і даставілі іх у міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Непаўналетніх адтуль завезьлі ў дзіцячы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, а Людвісю Атакулаву — у турму на вуліцы Акрэсьціна. Непаўналетніх потым са спэцпрыёмніка забралі бацькі. Цягам месяцу адміністрацыйныя пратаколы на іх будуць разглядаць камісіі выканкамаў па месцы жыхарства.

Гаворыць паплечніца Людвісі Наста Палажанка:

“Сам прысуд нас абсалютна не зьдзівіў. Безумоўна, мы спадзяваліся на нешта лепшае. Можа, нават на штраф, паколькі дагэтуль улады і дзяржаўныя СМІ ня вызначыліся адносна гэтага канфлікту. Але пры гэтым усім улады, не прыдумаўшы нічога новага, зноў прадэманстравалі ўсю сваю сутнасьць і абсурднасьць. Уся гэтая сытуацыя абрыдла, але будзем змагацца далей”.

Тым часам у турме на вуліцы Акрэсьціна 7 сутак арышту за ўдзел у сьвяткаваньні 1 траўня адбываюць Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Хлопцы трымаюць галадоўку. Наста Палажанка аднесла ім ваду і пасьпела крыкнуць некалькі словаў.

“У той момант, калі я перадавала хлапцам перадачу, у мяне была магчымасьць крыху паперакрыквацца са Зьмітром Дашкевічам. Я пасьпела паведаміць, што ў нас учора быў пікет і, што Людвіся Атакулава хутка будзе ў іх у “гасьцях”, бо ёй прысудзілі 10 сутак арышту. Зьміцер, безумоўна, расстроіўся. Нашы словы пачулі спадары зь “дзяжуркі” і мяне выкінулі, як цюцьку. Яны сказалі, што Дашкевічу больш перадачы перадаваць ня будуць. Мы пасьпелі перадаць інфармацыю Артуру Фінькевічу, але гэта было прасьцей зрабіць, бо ён знаходзіцца зь іншага боку”.

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч выйдуць на волю 14 жніўня, іх паплечніца Людвіся Атакулава – 21 жніўня.
XS
SM
MD
LG