Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саакашвілі: расейцы кантралююць большую частку Грузіі


МУС Грузіі абверг, што расейскія войскі ўваходзілі ў Горы – паводле яго, яны занялі пазыцыі на подступах да гораду.


Прадстаўнік МУС таксама прызнаў, што грузінскія салдаты пакінулі гэты раён бяз бою.

Паводле ранейшая заявы МУС Грузіі, расейскія войскі ўвайшлі ў г. Зугдзідзі на захадзе краіны. Раней расейскія войскі занялі грузінскі горад Сэнакі, дзе была дысьлякаваная пяхотная брыгада мінабароны Грузіі, але ў канцы дня былі адтуль выведзеныя.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў тэлевізійным выступе заявіў, што расейскія часткі падзялілі краіну напалам, узяўшы пад кантроль частку галоўнай грузінскай магістралі, што вядзе з захаду на ўсход краіны.

Міністэрства абароны Расеі абвергла інфармацыю аб тым, што расейскія войскі занялі Горы. "Плянаў рухацца ў бок Тбілісі ў нас не было і няма", заявіў агенцтву "Інтэрфакс" прадстаўнік міністэрства. Раней мінабароны Расеі заявіла, што апэрацыя на тэрыторыі Грузіі патрэбная, каб запабегчы новым грузінскім атакам у Паўднёвай Асэтыі.

Расейская авіяцыя атакуе тэрыторыю Грузіі. Сусьветная супольнасьць патрабуе спыніць ваенныя дзеяньні. Па ініцыятыве Грузіі сёньня ўначы ў чарговы раз зьбярэцца Рада бясьпекі ААН.

Раней грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі паведаміў журналістам у Тбілісі, што ідуць баі з расейцамі за горад Горы. Паводле Саакашвілі, у выпадку захопу Горы расейскім танкам адкрыецца дарога на Тбілісі.

Грузінская СМІ паведамляюць, што калі 50 расейскіх бамбавікоў учынілі налёты на тэрыторыю Грузіі за сёньняшнюю ноч.

Расея ўвяла войскі ў Абхазію, каля 9 тысячаў вайскоўцаў і 350 адзінак бронетэхнікі. Масква называе гэта “ўзмацненьнем міратворчага кантынгенту”. Такім чынам у рэгіянальным канфлікце фактычна адчынены другі фронт.

Дзеяньні Расеі выклікаюць усё большую занепакоенасьць іншых краінаў. Расея мусіць спыніць ваенныя дзеяньні ў Грузіі, бо пасьля заявы Тблілісі аб спыненьні агню у Расеі няма падставы для іх вядзеньня. Гэтак заявіў намесьнік міністар замежных справаў Нямеччыны Гернот Эрлер. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Вялікай Брытаніі Дэвід Мілібэнд заявіў, што Брытанія выказвае шкадаваньне з нагоды расейскіх ваенных дзеяньняў.

“Грузія - гэта сувэрэнная дзяржава, і яе тэрытарыяльная цэласнасьць мусіць паважацца, - заявіў прэзыдэнт Буш у Пэкіне. - Мы заклікалі да неадкладнага спыненьня агню. Мы заклікаем Расею спыніць бамбёжкі”.

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнэр заявіў, што Саакашвілі “рашуча прыхільны да міру”. Плян Францыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, прадугледжвае неадкладнае спыненьне агню, адвод войскаў і захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.

Тым часам прэзыдэнты Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Сяргей Багапш і Эдуард Какойты падчас тэлефоннай размовы дамовіліся ў найбліжэйшы час зьвярнуцца да сусьветнай супольнасьці з просьбай прызнаць незалежнасьць гэтых двух рэспублік.

На экстраннай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў Эўразьвязу, якая мае прайсьці ў сераду, 13 жніўня, будзе абмяркоўвацца пытаньне аб накіраваньні ў Грузію міжнароднага міратворчага кантынгенту. Пра гэта паведамілі заходнія дыпляматычныя крыніцы расейскай газэце «Коммерсантъ».
XS
SM
MD
LG