Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта заявіла агенцтву “Інтэрфакс-Захад” намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Непаўналетняя беларуская Таня Казыра, якая засталася ў ЗША, можа самастойна прымаць рашэньне аб сваім далейшым лёсе толькі пры дасягненьні 18 гадоў, а таму цяпер яна мусіць вярнуцца ў Беларусь. Такая інфармацыя накіраваная амэрыканскаму боку ў якасьці ноты беларускага МЗС.

"Беларускі бок сыходзіць з таго, што дзяўчынка павінна свабодна вярнуцца ў рэспубліку, заявіла ў размове з агенцтвам Інтэрфакс-Захад намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына. У выпадку яе цьвёрдага намеру выехаць у ЗША і гатоўнасьці амерыканскіх уладаў выдаць адпаведны дазвол, яна будзе мець магчымасць аформіць выезд па дасягненьні паўналецьця”.

Як заявіў адвакат службы іміграцыі Сан-Францыска Крыстафэр Кіроскі, які займаецца справай непаўналетняй беларускай дзяўчынкі, яго кліентка жадае падоўжыць тэрмін знаходжаньня ў ЗША яшчэ на паўгода. Цяпер яна мае паўгадавую амэрыканскую візу і адпаведна ўсе правы, каб знаходзіцца ў ЗША на легальных умовах.

Згодна з апошняй інфармацыяй, тэрмін знаходжаньня Тані ў ЗША скончыцца 25 сьнежня.

У той час як барысаўская школьніца застаецца ў амэрыканскім горадзе Пэталума ў сям’і Дэбры і Мануэля Запатаў, астатнія 24 ўдзельнікі дзіцячай паездкі ў ЗША, сёньня вярнуліся ў Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG