Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці наступіць замірэньне ў Грузіі?


Дэманстрацыя перад амбасадай Раесі ў Кіеве

Дэманстрацыя перад амбасадай Раесі ў Кіеве

Усясьветная супольнасьць крытыкуе Расею за вайсковую інтэрвэнцыю ў Грузіі і патрабуе спыніць ваенныя дзеяньні ў гэтай краіне.

Тбілісі заяўляе, што прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ўжо падпісаў загад аб спыненьні агню.

Рэгіён канфлікту наведаў Бэрнар Кушнэр, міністар замежных справаў Францыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Учора вечарам у Тбілісі Кушнэр агучыў эўрапейскі плян спыненьня ваенных дзеяньняў паміж расейскімі і грузінскімі сіламі.

Бэрнар Кушнэр зь МІхаілам Саакашвілі, 11 жніўня
“Па-першае — спыненьне агню, па-другое — доступ да ахвяраў, па-трэцяе — кантраляваны вывад войскаў, па-чацьвертае — вяртаньне за стол перамоваў, перамовы аб міры, палітычнае рашэньне”, — сказаў Кушнэр. — “Вось так. Прабачце. Лёгка сказаць, вельмі цяжка зрабіць”.

Выглядае на тое, аднак, што баявыя дзеяньні не спыніліся. Сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве намесьнік начальніка генэральнага штабу ўзброеных сілаў Расеі генэрал Анатоль Нагавіцын сказаў, што расейскія войскі працягваюць весьці вайсковую апэрацыю ў Паўднёвай Асэтыі:

“У ходзе баявых дзеяньняў 10 жніўня вайсковыя часткі і падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, якія бяруць удзел у апэрацыі прымушэньня да міру, пры падтрымцы авіяцыі дэблякавалі падразьдзяленьні міратворчага кантынгенту, што знайшліся ў акружэньні, і перайшлі да абароны Цхінвалі. Цяпер нашы войскі выцясьняюць, бяруць у палон і раззбройваюць акружаныя групы сілавых структур Грузіі ў сталіцы Паўднёвай Асэтыі”, — сказаў Нагавіцын.

Паводле паведамленьняў грузінскіх крыніц, расейскія бамбавікі ўчынілі за апошнюю ноч шэраг налётаў на тэрыторыю Грузіі. Налёты, між іншым, зьнішчылі грузінскі горад Горы, які наведаў карэспандэнт грузінскай службы Радыё Свабода Коба Ліклікадзэ:

“Цяпер у Горы спакойна. Людзі працягваюць пакідаць горад і прылеглыя вёскі. Месца ўсё больш нагадвае вымерлы горад”, — перадаў Ліклікадзе.

Расейская вайсковая інтэрвэнцыя ў Грузіі спарадзіла вострую крытыку ў адрас Масквы з боку міжнарожнай супольнасьці. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які знаходзіцца ў Пэкіне, сказаў сёньня журналістам:

“Я сказаў, што прымяненьне гэтай грубай сілы — недапушчальнае. Я сказаў гэта ня толькі Ўладзіміру Пуціну, але і прэзыдэнту Дзьмірыю Мядзьведзеву”.

Вайна паміж Расеяй і Грузіяй стала ўчора прадметам вострай спрэчкі ў Радзе бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Прадстаўнік ЗША ў ААН, Залмай Халілзад, сказаў, што Расея настальгуе па савецкіх часах, калі шмат якія палітычныя праблемы Масква вырашала вайсковай сілай:

“Мы хочам, каб нашы расейскія калегі зразумелі, што часы, калі вайсковымі сродкамі скідалі кіраўнікоў у Эўропе — ужо мінуліся”, — сказаў Халілзад.

Віталь Чуркін
Амбасадар Расеі пры ААН Віталь Чуркін, баронячы расейскую пазыцыю, згадаў басьнійскую Срэбраніцу, у якой міжнародныя міратварцы ня здолелі запабегчы міжэтнічнай разьні:

“Калі насельніцтва паддаецца непасрэднаму зьнішчэньню, большай часткай якога зьяўляюцца расейскія грамадзяне — чаго яны чакалі? Што нашы міратворцы разьбягуцца, як у свой час некаторыя міратворцы разьбегліся ў Срэбраніцы? Мы не маглі гэтага дапусьціць. Мы не маглі пакінуць у бядзе ні цывільнага насельніцтва Паўднёвай Асэтыі, ні нашых міратворцаў. Таму ў Грузію былі ўведзеныя дадатковыя сілы, якія працягвалі і працягапюць выконваць заданьне выцясьненьня Грузіі з тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі”, — сказаў Чуркін у Нью-Ёрку.

Палітычная рыторыка вакол канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі вельмі вострая. Сёньня расейскі прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін абвінаваціў Захад у цынізьме, кажучы, што на Захадзе сапраўднага агрэсара падаюць як ахвяру канфлікту. А ўчора расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў, што Грузія дапусьціла ў Паўднёвай Асэтыі “генацыд”:

“Тыя формы, у якіх адбываліся дзеяньні грузінскага боку, інакш як генацыдам назваць нельга, таму што яны набылі масавы характар і былі накіраваныя супроць асобных людзей — цывільнага насельніцтва і міратворцаў, якія выконвалі свае функцыі дзеля падрыманьня міру. Прычым дадзеныя, якія мы атрымоўваем, сьведчаць аб тым, што былі ўчыненыя вельмі цяжкія злачынствы — людзей забівалі, палілі, душылі танкамі, перарэзвалі горлы”, — сказаў Мядзьведзеў падчас пасяджэньня Рады Бясьпекі Расеі.

Невядома, як далей будуць разьвівацца падзеі вакол паўднёваасэтынскага канфлікту. Існуе небясьпека, што можа адкрыцца “другі фронт” гэтага канфлікту — у Абхазіі, другім сэпаратысцкім рэгіёне Грузіі, куды Расея ўвяла каля 9 тысяч вайскоўцаў і бранятэхніку.
XS
SM
MD
LG