Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У выбары “атамных” партнэраў урад пакуль вагаецца


Да 1 верасьня на стол да Аляксандра Лукашэнкі лягуць дадзеныя па трох магчымых пляцоўках у Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцях пад будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі (АЭС). Пра гэта паведаміў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч. Ён адзначыў, што ніводная зь іх ня мае абмежаваньняў для будаўнічых работаў. Таксама ў верасьні будзе прынятае “палітычнае рашэньне” адносна пастаўшчыкоў абсталяваньня для беларускай АЭС — пакуль што ў сьпісе чатыры прэтэндэнты.




Сёньня намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што ў справе праекту будаўніцтва першай АЭС у Беларусі разглядаюцца варыянты супрацоўніцтва з самымі вядомымі кампаніямі ў гэтай галіне. Яшчэ на пачатку ліпеня ведамства накіравала прапановы карпарацыям, якія маюць вялікі досьвед будаўніцтва АЭС па ўсім сьвеце:

“Міністэрства энэргетыкі накіравала запрашэньні тром вядомым у сьвеце кампаніям, якія сёньня могуць прадставіць на зьнешні рынак неабходную для Беларусі паводле магутнасьці і тэхналёгіяў рэактарную ўстаноўку і ўвогуле праект атамнай электрастанцыі. Гэта ўсясьветна вядомыя кампаніі AREVA, Westinghouse-Toshiba і “Росатом”.

Паводле спадара Міхадзюка, у першай дэкадзе жніўня Міністэрства энэргетыкі атрымала адказы, паводле якіх ускосна можна вызначыць прыярытэты беларускага ўраду. Так, франка-нямецкая AREVA гатовая да сумеснай працы і неўзабаве чакаецца візыт яе прадстаўнікоў у Беларусь. Аднак кампанія спэцыялізуецца на пабудове звышмагутных энэргаблёкаў, тым часам як пад беларускую АЭС закладаюцца сьціплейшыя паказьнікі.

Япона-амэрыканская Westinghouse-Toshiba таксама дала станоўчы адказ, але паставіла ўмову — спачатку Беларусь павінна падпісаць міжурадавае пагадненьне пра мірнае выкарыстаньне атамнай энэргетыкі. А гэтая працэдура, па словах Міхадзюка, можна расьцягнуцца на некалькі гадоў. Самыя прывабныя ўмовы — у дзяржаўнай кампаніі атамнай энэргетыкі “Росатом”: расейцы ня толькі абяцаюць здаць аб’ект “пад ключ”, але і прапануюць варыянты фінансаваньня праекта.

Нечакана на авансцэне зьявіўся яшчэ адзін прэтэндэнт — кітайская Гуандунская ядзерна-энэргетычная кампанія. Кітайцы не выключаюць і магчымасьці крэдытаваньня работаў на беларускай АЭС. Эўрапейцы і амэрыканцы ніякіх умоваў крэдытаваньня не акрэсьліваюць.

Як паведаміў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, прыярытэт у выніку будзе аддадзены таму, хто забясьпечыць стратэгічныя ўмовы — паўнавартасны ўдзел у праекце беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый. Таму, паводле спадара Мясьніковіча, зусім не абавязкова, што будзе абвешчаны тэндэр:

“Што тычыцца тэндэра ці наўпроставых перамоваў, то ёсьць клясычны варыянт: абвяшчаецца тэндэр на інжынірынгавую кампанію, якая будзе весьці ўсю падрыхтоўчую працу. Пад гэта выдзяляецца фінансаваньне, вядзецца адбор канкурэнтаў і г. д. Потым гэтая кампанія рыхтуе адпаведныя тэндэрныя дакумэнты. Праходзіць тэндэр, падводзяцца вынікі. Зноў трацяцца грошы, праходзяць гады. У нас запасу часу проста няма, і гэтыя працэсы можна паскорыць. У заканадаўстве запісана: выбар ажыцьцяўляецца на ўмовах тэндэру — калі не прынятае іншае рашэньне. Таму можа быць прынятае і іншае рашэньне. Што да нейкіх тэрмінаў, то калі месяц таму была нарада ў прэзыдэнта, то было вызначана: у верасьні мы павінны канчаткова далажыць усе свае прапановы — урад і Акадэмія навук у тым ліку”.

Як удакладніў Міхаіл Мясьніковіч, праектныя і будаўнічыя работы ў працэсе ўзьвядзеньня АЭС будуць падпарадкоўвацца падпісанаму 30 ліпеня закону “Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі”. Асноўны пункт закону — “прыярытэт радыяцыйнай бясьпекі і абароны здароўя цяперашніх і будучых пакаленьняў беларусаў, навакольнага асяродзьдзя перад усімі іншымі аспэктамі”. У законе вызначаецца мэханізм захаваньня і ўтылізацыі ядзерных адкідаў у працэсе дзейнасьці АЭС. Але ці не атрымаецца, што ў пэрспэктыве Беларусь можа стацца радыяцыйным палігонам эўрапейскага маштабу? Вось што наконт гэтага кажа старшыня камісіі прамысловасьці і паліўна-энэргетычнага комплексу ў Палаце прадстаўнікоў Анатоль Паўловіч:

“Увоз адпрацаваных ядзерных матэрыялаў у Рэспубліку Беларусь законам забаронены. Апроч тых матэрыялаў, якія наша краіна можа вывозіць за мяжу для перапрацоўкі і потым увозіць назад. То бок ніякая іншая дзяржава ўвозіць адпрацаванае ядзернае паліва на тэрыторыю нашай краіны на захаваньне ці ажыцьцяўленьне нейкіх іншых апэрацый ня можа, гэта законам забаронена”.

Каб гарантаваць бясьпеку падчас працы АЭС, у структуры Міністэрства надзвычайных сытуацый створаны Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.

Між тым незалежныя экспэрты называюць памылковым палітычнае рашэньне кіраўніцтва краіны будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю. Апроч чарнобыльскага сындрому, які маральна цісьне на жыхароў краіны, ёсьць і прагматычныя меркаваньні: на думку экспэртаў, АЭС ня вырашыць энэргетычных праблемаў Беларусі, бо дасьць толькі чацьвёртую частку той энэргіі, якая штогод вырабляецца шляхам спальваньня прыроднага газу.

Кошт рэалізацыі праекту — ад 5 да 10 мільярдаў даляраў.
XS
SM
MD
LG