Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску асуджаныя Эмануіл Зэльцэр і Ўладлена Функ


Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр Менскім гарадзкім судом сёньня быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова) атрымала 1 год турмы. Абое прызнаныя вінаватымі ў зборы зьвестак камэрцыйнага характару і выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў. Іх затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка гэтага году, як толькі яны прыляцелі ў Менск на самалёце Барыса Беразоўскага дзеля справаў, зьвязаных са спадчынай грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі.


Увесь працэс над Эмануілам Зэльцэрам і Ўладленай Функ (Брусковай) адбываўся ў закрытым рэжыме, бо на ім нібыта фігуравалі зьвесткі, якія маюць статус дзяржаўнай таямніцы. Пра тое, хто быў сьведкамі на працэсе і якія дакумэнты былі разгледжаныя, нічога не вядома. На абвяшчэньне прысуду канвой унёс Эмануіла Зэльцэра на руках — гэтаксама як і на ранейшыя паседжаньні суду.

Амэрыканскага адваката Зэльцэра і ягоную сакратарку прызналі вінаватымі ў камэрцыйным шпіянажы — зборы зьвестак камэрцыйнага характару, а таксама ў выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў. Абвінавачваньне КДБ супраць Зэльцэра ў кантрабандзе наркатычных рэчываў было зьнятае судом. Сьледчыя палічылі наркотыкамі лекі, якія ўжываў амэрыканскі грамадзянін.

Зьміцер Гарачка, адвакат Эмануіла Зэльцэра і Ўладлены Брусковай, заявіў “Свабодзе” адразу пасьля вынясеньня прысуду, што будзе абскарджваць рашэньне гарадзкога суду і дамагацца апраўданьня сваіх падабаронных у Вярхоўным судзе Беларусі.

“Прызнаваць вінаватымі на такіх падставах — для мяне гэта крыху дзікавата, шчыра скажу... Абскарджваць будзем у любым выпадку, хаця асаблівых ілюзій ня маем. Стан здароўя Зэльцэра вельмі кепскі. Гэты прысуд для яго раўназначны расстрэлу”.

Згодна з Гарачкам, артыкулы, паводле якіх абвінавачвалі Зэльцэра і Брускову, не патрабавалі закрытага працэсу.

Брат асуджанага амэрыканскага адваката Марк Зэльцэр да пазытыву аднёс тое, што суд адкінуў абвінавачаньне Эмануіла Зэльцэра ў кантрабандзе наркатычных рэчываў.

“Ніякай пагрозы мой брат і ягоная сакратарка для Беларусі не ўяўляюць. Ніякі ён не шпіён, ніякіх дакумэнтаў у яго не было. Суд у Грузіі вырашыў, што ўсе дакумэнты нармальныя. Паказальна тое, што абсурднае абвінавачаньне наконт наркотыкаў зьнятае — гэта значыць, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія маюць здаровы розум. І ў нас цяпер ёсьць нашмат болей надзеі на лепшае рашэньне”.

Марк Зэльцэр заявіў, што будзе змагацца за вызваленьне брата. Ён надалей перакананы, што замоўцам працэсу супраць ягонага брата быў Барыс Беразоўскі.

У амбасадзе ЗША ў Менску пакуль не камэнтуюць сёньняшні прысуд грамадзяніну гэтай краіны.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зазначыў з нагоды прысуду Зэльцэру і ягонай сакратарцы, што гэты закрыты працэс выкліча новыя прэтэнзіі да беларускага правасудзьдзя з боку праваабаронцаў і міжнароднай супольнасьці:

“Вядома, можна казаць, што 3 гады — гэта невялікі тэрмін. Беларуская практыка крымінальных прысудаў ведае нашмат большыя прысуды. Але я думаю, што гэты працэс патрабуе дадатковага дасьледаваньня ў будучым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG