Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нядзеля ў Пэкіне: Настасься Новікава здабыла бронзу


За першыя два дні Алімпіяды ў Пэкіне разыграны 21 камплект узнагарод.

У неафіцыйным камандным заліку наперадзе зборная Кітаю – у яе 6 залатых і 2 срэбныя мэдалі. У алімпійцаў Паўднёвай Карэі 3 залатыя і 2 срэбныя, у спартоўцаў ЗША – 2 залатыя, 2 срэбныя і 4 бронзавыя мэдалі. Усяго за два дні алімпійскіх стартаў чэмпіёнамі сталі прадстаўнікі дванаццаці краінаў, а прызэрамі – трыццаці дзьвюх.

Сёньня першы мэдаль на Гульнях для зборнай Беларусі заваявала штангістка Настасься Новікава. Яна здабыла бронзу ў спаборніцтвах у вагавай катэгорыі да 53 кіляграмаў.

Набраўшы ў суме дваяборства 213 кг, Новікава саступіла срэбра карэянцы Юн Джынхі: суперніца аказалася на 150 грамаў лягчэйшая за беларуску. А чэмпіёнкаю з сумаю 221 кг упэўнена стала тайляндзкая штангістка Прапавадзі Яраэнратанатаракун.

26-гадовая Настасься Новікава была срэбранай прызэркай чэмпіянату сьвету 2007 году, а на мінулай Алімпіядзе ў Афінах заняла 5 месца.

“Ад бронзы хутчэй засмуцілася, чымся абрадавалася. Магчыма, засяродзіцца перашкодзілі шум навальніцы і залевы. Але больш за ўсё засмуціла адсутнасьць поруч асабістага трэнэра”, – прызналася Настасься на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

Тым часам калегу Настасьсі Новікавай штангісту Віталю Дзербянёву (катэгорыя да 56 кг) старт на пэкінскай Алімпіядзе ня ўдаўся. Скончыўшы спаборніцтвы ў рыўку шостым, у штуршку Дзербянёў тройчы ня здолеў падняць штангі на 140 кг і выбыў з змаганьня ў дваяборстве.

Пры самым п’едэстале спынілася беларуская стралкіня Вікторыя Чайка – страляючы пнэўматычным пісталетам з дыстанцыі 10 мэтраў, сёлетняя чэмпіёнка Эўропы паказала чацьверты вынік.

Ужо другую сваю перамогу на пэкінскай Алімпіядзе атрымала бадмінтаністка Вольга Конан. Перагуляўшы славенку Маю Твэрды ў двух сэтах, Конан выйшла ў 1/8 фіналу: там 18-гадовую беларуску ў панядзелак чакае гульня зь першай ракеткаю сьвету, кітаянкаю Се Сінфан.

У паўфінал спаборніцтваў у акадэмічным веславаньні кваліфікавалася чацьверка парная ў складзе Паўла Шурмея, Валер’я Радзевіча, Кірыла Лемяшкевіча і Аляксандра Новікава. У сёньняшнім заезьдзе беларускія весьляры былі трэція.

Гімнастка Настасься Марачкоўская не змагла гарантаваць сабе ўдзелу ў фінале канкурэнцыі ў апорным скачку, які пройдзе 17 жніўня. Па выніках кваліфікацыйных скачкоў беларуская спартоўка заняла 9-е месца, прайграўшы ўладальніцы 8-й пазыцыі швайцарцы Ар’елі Касьлін менш за дзьве дзясятыя і атрымаўшы тым самым статус першай запасной перад фіналам. Марачкоўская выступіць у ім толькі ў тым разе, калі нехта з васьмёркі фіналістаў атрымае траўму ці проста адмовіцца ад удзелу.

Ня здолелі прабіцца ў нядзелю ў паўфіналы беларускія плыўцы Іна Капішына (100 м брасам) і Павел Санковіч (100 м на сьпіне). Пры гэтым 18-гадовы Санковіч больш чым на тры дзясятыя палепшыў свой жа рэкорд Беларусі.

Сьледам за Рамазанам Магамэдавым (да 81 кг), які прайграў свой бой у Пэкіне ў суботу, сёньня выбыў з алімпійскага турніру і прадстаўнік Беларусі ў катэгорыі да 69 кг Магамэд Нурудзінаў: віцэ-чэмпіён сьвету-2005 даволі нечакана прайграў Джону Джэксану зь Віргінскіх астравоў.
Тэнісістам Максіму Мірнаму і Вользе Гаварцовай завяршыць свае паядынкі перашкодзіў у нядзелю дождж: Мірны пасьля першага сэту саступае немцу Нікалясу Кіфэру, Гаварцова – амэрыканцы Сырыне Ўільямз.

З падзеяў небеларускіх нельга не адзначыць цэлы букет рэкордаў у алімпійскім басэйне: у прыватнасьці, усясьветныя рэкорды палі на дыстанцыі 400 мэтраў комплексным плаваньнем у мужчынаў (амэрыканец Майкл Фэлпс) і жанчын (аўстралійка Стэфані Райс).

Фэлпс, устанаўляючы рэкорд (4,03.84), заваяваў свой першы залаты мэдаль на Гульнях. Ягоныя паклоньнікі спадзяюцца, што ён здолее перавысіць дасягненьне свайго папярэдніка Марка Сьпітца, які стаў у Мюнхэне ў 1972 годзе сяміразовым алімпійскім чэмпіёнам. Але ёсьць і яшчэ адзін рэкорд, які можа ўстанавіць Фэлпс. Гісторыя ведае імёны чацьвярых дзевяціразовых чэмпіёнаў – Ларысы Латынінай (СССР, спартовая гімнастыка), Паава Нурмі (Фінляндыя, лёгкая атлетыка), Карла Льюіса (ЗША, лёгкая атлетыка) і памянёнага Сьпітца. У Фэлпса цяпер ужо сем найвышэйшых алімпійскіх узнагародаў...
XS
SM
MD
LG