Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра выбух у Менску апазыцыянэра дапытвалі паўторна


Супрацоўнікі Клімавіцкага аддзелу міліцыі сёньня намагаліся ўзяць у мясцовага актывіста апазыцыі Сяргея Аржанцава адбіткі пальцаў, а таксама — на генэтычны аналіз сьліну.


Міліцыянты, паводле актывіста, наведаліся да яго ранкам да дому. Свае дзеяньні яны аргумэнтавалі загадам зь Менску й патлумачылі, што загад тычыцца расьсьледаваньня абставінаў выбуху 4 ліпеня.

Патрабаваньне міліцыянтаў Сяргей Аржанцаў выконваць адмовіўся:

“У міліцыянтаў не было афіцыйнага дакумэнту на тое, што я мушу выконваць іхнае патрабаваньне, і я заявіў ім пра гэта. Сваю адмову я аргумэнтаваў тым, што не служыў у войску й ня маю дачыненьня да хіміі. Міліцыянты не настойвалі на сваім, але папярэдзілі, што калі такі дакумэнт будзе, я мушу падпарадкавацца. Я напісаў тлумачэньне, што трэцяга й чацьвёртага ліпеня я быў у Клімавічах і гэта можа пацьвердзіць мая маці ды сястра".

У міліцыянтаў не было афіцыйнага дакумэнту на тое, што я мушу выконваць іхнае патрабаваньне, і я заявіў ім пра гэта
Паводле актывіста, міліцыянты ў гутарцы з ім сказалі, што адбіткі пальцаў і аналіз сьліні ужо ўзятыя ў многіх клімавічан.

Сяргей Аржанцаў -- сябра ініцыятыўнай групы апазыцыйнага прэтэндэнта на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Сяргея Няроўнага, які балятуецца па Крычаўскай выбарчай акрузе. Актывіст візыт міліцыянтаў зьвязвае са сваім удзелам у выбарчай кампаніі.

Сяргея Аржанцава аднаго зь першых на Магілёўшчыне дапыталі ў справе выбуху ў Менску. 6 ліпеня да яго да дадому наведаўся ўчастковы міліцыянты, якія выпытваў у актывіста, дзе ён быў трэцяга й чацьвёртага ліпеня ды хто гэта можа гэта пацьвердзіць.

На Магілёўшчыне ў рамках расьсьледаваньня менскага выбуху адбіткі пальцаў ды сьліну на генэтычны аналіз міліцыянты й супрацоўнікі магілёўскай управы камітэту дзяржаўнай бясьпекі бралі ў двух актывістаў: магілёўскага праваабаронцы Зьмітра Антончыка ды бялыніцкага актывіста Барыса Вырвіча.
XS
SM
MD
LG