Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайцы – за чысьціню спартовых радоў

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Арганізатары Алімпійскіх гульняў-2008 спадзяюцца, што сёлетнія старты стануць “найчысьцейшымі” што да ўжываньня допінгу.

Па алімпійскім тэлевізійным канале ў Пэкіне раз-пораз пракручваюць інфармацыю, што за апошнія 40 гадоў за ўжываньне забароненых прэпаратаў была дыскваліфікаваная амаль сотня атлетаў. Ці паўплывае гэтае папярэджаньне на алімпійцаў, пакажуць найбліжэйшыя дні. Між тым інфармацыйна кітайскае тэлебачаньне гатовае "запудрыць" мазгі ўсім бяз вынятку. Да пачатку Гульняў цэлых 40 тэлеканалаў пакуль са студыйнымі застаўкамі – у чаканьні стартаў.

Закрытая тут тэма і наконт нацыянальнай кухні з ужываньнем мяса сабакі. Паводле апошняй інфармацыі, чатырохногія сябры чалавека ў Пэкіне не разгульваюць зграямі ўжо даўно. І ня толькі таму, што іх бесьперапынна адлоўлівалі гіцлі: забівалі ці адпраўлялі ў сабачыя прытулкі.

Аказалася, што трымаць цяпер сабаку ў Кітаі – дарагое задавальненьне. Сярэдні кошт сабакі дзесьці 600 даляраў, ці звыш 4 тысяч юаняў, а далейшае “абслугоўваньне” – штогадовыя прышчэпкі, даведкі аб рэгістрацыі, лячэньне – забяруць не намнога меней. На двор сабаку ў Пэкіне можна выводзіць толькі ў намордніку і ў суправаджэньні гаспадара, інакш "паліцыя нораваў" хутка прыбярэ жывёліну да рук і сама вызначыць яе далейшы лёс. Не магу сьцьвярджаць стопрацэнтна, аднак, па атрыманай інфармацыі, без праблем можна прагульвацца з сабакам, у якога вышыня грыўкі не перавышае 37 сантымэтраў. Як гаворыцца, чым вышэй – тым даражэй.
XS
SM
MD
LG