Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 верасьня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пройдзе сьвяточная імпрэза з нагоды 50-годзьдзя Віктара Манаева.

Сам дзень народзінаў славутага актора — 7 жніўня, але тэатар цяпер на летніх вакацыях і ўсе акторы ў адпачынку.

На Манаева да купалаўцаў публіка ходзіць стала і даўно, і ніколі актор не расчароўваў сваіх прыхільнікаў. Але слава не пазбавіла яго цьвярозае самаацэнкі, не нарадзіла пачуцьця безагляднага шчасьця:

“Шчасьлівы чалавек той, хто жыве з чыстым сумленьнем, хто ня мае ворагаў, хто жыве ў згодзе паміж сьветам і сабою. Ня ўсё гэта ёсьць у мяне, але я дзякую Богу, што дажыў да 50 год, і малюся, каб дараваў яшчэ колькі год, бо шмат што трэба пасьпець выправіць у сабе, пазбавіцца ад усялякай мітусьні”.

Пра дзясяткі сыграных роляў Віктар Манаеў узгадвае як пра рэальных блізкіх людзей:

“Ролі — як людзі. Яны для мяне жывыя. І Адуванчык з “Радавых”, і Мікіта Зносак з “Тутэйшых”, і Норман з “Касьцюмера”. Нават мой сёньняшні Кручкоў зь “Пінскай шляхты” — таксама дарагі. І Дзед-жабрак у папярэднім спэктаклі “Сымон-музыка” таксама мне дарагі”.

Але сёньняшні тэатар, на думку юбіляра, часта апынаецца ніжэйшым за патрабавальнага сучаснага гледача:

“Часта мы не дасягаем да нашага гледача ў тым сэнсе, што прапаноўваем яму пустэчу. А ён вельмі ўдзячны, наш глядач, вельмі нас любіць, і гэта перашкаджае яму іншым разам быць аб’ектыўным. Але аб’ектыўнасьць нам патрэбная, каб мы таксама не скаціліся ад рэстарану да сталоўкі”.

У свой паўвекавы юбілей славуты актор марыць пра рэчы простыя і агульначалавечыя:

“Мару, каб дзень добра пражыць, злосьці каб не было ў сэрцы. Вось аб гэтым я мару”.

А на пытаньне, што чакаецца ў тэатры на яго юбілейнай вечарыне, заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў сказаў:

“21 верасьня будзе спэктакль “Пінская шляхта”, ну, а потым — граматы, можа, дадуць”.

А вось што сказаў з нагоды юбілею Віктара Манаева Мікалай Пінігін — рэжысэр, у спэктаклях якога гэты актор заўсёды грае на сцэне купалаўскага тэатру:

“Ён — геніяльны артыст. Калі ў рэжысэра ёсьць такі артыст, а мы знаёмыя вельмі даўно, працуем разам у розных спэктаклях, то я думаю, што гэта — цуд. Гэта не чалавек — гэта цуд. Гэта не артыст — гэта цуд. У ім ёсьць усё, што я люблю ў артыстах. З аднаго боку — ён блазан, а з другога — інтэлектуал. У яго вельмі шчымлівая душа. Ён — не чалавек, ён — інструмэнт, вельмі тонкі інструмэнт для рэжысэра”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG