Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне адкрыліся гульні ХХІХ Алімпіяды. Беларусь разьлічвае на самы пасьпяховы выступ у гісторыі. ТЭМА ДНЯ.

Паводле традыцыі, за 7 дзён да пачатку Алімпійскіх гульняў і цягам усіх спаборніцтваў ваенныя дзеяньні павінны быць спыненыя — дзейнічае так званы агульны прынцып “алімпійскага замірэньня”.

Але якраз у дзень адкрыцьця Алімпіяды выбухнуў збройны канфлікт паміж Грузіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Расея абвінавачвае Грузію ў парушэньні гэтага прынцыпу.

Тым ня меней на пэкінскім стадыёне “Птушынае гняздо” адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ХХІХ Алімпійскіх гульняў. На цырымоніі былі прысутныя многія першыя асобы з усіх рэгіёнаў сьвету, у прыватнасьці прэзыдэнты ЗША, Францыі, шэрагу арабскіх краінаў. Напярэдадні ў суправаджэньні малодшага сына Мікалая выправіўся ў Кітай і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Фота з цырымоніі адкрыцьця ў Пэкіне:

У грандыёзным шоў, за якім назіралі ня менш за чатыры мільярды людзей ува ўсім сьвеце, рэжысэр Чжан Імоў сіламі 15 тысяч удзельнікаў прадставіў пяць тысяч гадоў кітайскай гісторыі.



АЛІМПІЯДА — НА САЙЦЕ І Ў ЭФІРЫ "СВАБОДЫ"

АФІЦЫЙНЫ САЙТ АЛІМПІЯДЫ-2008

У галоўным спартовым форуме чатырохгодзьдзя возьме ўдзел беспрэцэдэнтная колькасьць атлетаў з 203 краінаў сьвету — больш за 10 тысяч. Будзе разыграна 300 камплектаў узнагародаў.

Беларусь чацьвёрты раз возьме ўдзел у летняй Алімпіядзе асобнай камандай. Краіну прадстаўляе самая вялікая ў гісторыі каманда — 182 атлеты выступяць у 26 відах спорту. Кіраўніцтва НАК Беларусі спадзяецца, што гэтым разам удасца заваяваць найбольшую ў гісторыі беларускага спорту колькасьць узнагародаў, перавысіўшы дасягненьне алімпійскага Сыднэю васьмігадовай даўнасьці. Тады беларусы мелі 17 мэдалёў, зь іх тры — залатыя.

Спартовую дэлегацыю Беларусі на алімпійскім парадзе ўзначаліў алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Аляксандар Раманькоў.

Напярэдадні адкрыцьця Гульняў 40 атлетаў-алімпійцаў з розных краінаў напісалі зварот да старшыні КНР Ху Цзіньтао, выказаўшы заклапочанасьць тым, як кітайскія ўлады здушваюць пратэсты ў Тыбэце.

Пратэсты супраць парушэньня правоў чалавека ў Кітаі адбыліся сёньня ў Парыжы і Празе. У сталіцы Чэхіі дэманстранты разгарнулі каля будынку пасольства Кітаю тыбэцкія сьцягі і транспарант з надпісам “One World, One Dream, Free Tibet” (“Адзін сьвет, адна мара, свабодны Тыбэт”).

Арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў”, якая арганізавала сёньняшнюю акцыю ў францускай сталіцы, заклікала таксама правесьці дэманстрацыі пратэсту ў Лёндане, Мадрыдзе, Бэрліне, Стакгольме, Лязане, Рыме, а таксама Вашынгтоне і Атаве.

Тым часам пэкінская паліцыя затрымала сёньня трох амэрыканцаў, якія спрабавалі правесьці недалёка ад стадыёну “Птушынае гняздо” акцыю ў падтрымку Тыбэту. Паводле агенцтва “Associated Press”, амэрыканцы хацелі разгарнуць перад галоўным алімпійскім стадыёнам тыбэцкі сьцяг. Паліцыя перашкодзіла ім зрабіць гэта.

Алімпіяда-2008: Кітай супраць астатняга сьвету?

Шмат хто называе сёлетнія спаборніцтвы “кітайскай алімпіядай”, у якой канкурэнтам спартоўцаў з КНР вызначанае сьціплае месца.

Адмыслоўцы пра шансы беларусаў на Алімпіядзе

Пэрспэктывы беларускіх алімпійцаў у Пэкіне ацэньваюць выбітныя асобы айчыннага спорту.

Р. Кныш: “На Алімпіядзе мае сэнс толькі золата”

Фаварытамі Алімпійскіх гульняў адмыслоўцы амаль аднагалосна называюць гаспадароў Гульняў — кітайцаў.

Два тыдні, калі галоўнае – ня ўдзел, а перамога

На якія падзеі на Алімпіядзе будзе зьвернута найбольшая ўвага? Хто мае шанец стаць героем і сымбалем гэтых Гульняў? Процістаяньне якіх спартовых дзяржаваў стане галоўнай інтрыгай у Пэкіне?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG