Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі слухачоў за чацьвер, 7 жніўня.

Тэлефанаваньне спадара з Воршы, дзе сёлета адбудуцца “Дажынкі”:

Спадар: “Калі кінулі армію на поле, значыць, ідзе сапраўдная бітва за ўраджай. Кінулі армію і на “Дажынкі-2008”. У нас тут у пасёлку супрацоўнікі школы напісалі калектыўны ліст наконт таго, што кожны месяц вылічваюць грошы за суботнік. Людзі абураюцца... Яшчэ хачу сказаць, што па Аршанскай выбарчай акрузе ідзе спадар Адашкевіч, якога ўзгадаў наш Рыгоравіч у звароце да народа. Хачу даведацца, а хто яшчэ ідзе па Аршанскай выбарчай акрузе, таму што выбары ідуць неяк вельмі квола. Дзякуй”.

У Воршы і Аршанскім раёне — дзьве выбарчыя акругі: 26-я гарадзкая і 27-я раённая — Дняпроўская. Памянёны слухачом спадар Адашкевіч некалі быў старшынём Аршанскага райвыканкаму, апошнія 4 гады — дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Сёлета ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу ў 27-й выбарчай акрузе, распавёў мясцовы грамадзкі актывіст Алесь Шутаў:

“Акрамя спадара Адашкевіча, ёсьць прадстаўніца Партыі БНФ Ганна Леўчанкава, а таксама ад Эўрапейскай кааліцыі вылучаецца Андрэй Анташкевіч. Па 26-й выбарчай акрузе зарэгістраваныя дзьве ініцыятыўныя групы: ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў вылучаецца прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Юржыц, і кандыдат ад улады — начальнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Жарэла”.

Слухачы Радыё Свабода актыўна працягваюць абмяркоўваць і сытуацыю, якая склалася ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

Ільля Копыл: “Добры вечар, “Свабода”! Лічу, што адхіленьне ад пасады старшыні БСДП (Г) Аляксандра Казуліна — гэта амаральна. Заява Ляўковіча, што ганаровыя старшыні — адзінкі, гучыць абразьліва і цынічна. Казуліну ня 70 гадоў. Я б змог усё гэта зразумець, калі б Казулін даў згоду сам, калі б ён даслаў зьезду заяву”.

Марыя Іванаўна: “Я зьвяртаюся да спадара Ляўковіча. Дакажыце народу, што вы для яго зробіце больш, чым Аляксандар Уладзіслававіч Казулін. На цяперашні час Казулін для народа — лідэр. Усяго вам найлепшага”.

Актыўна абмяркоўваюць слухачы, навошта Аляксандар Лукашэнка запрасіў лорда Тымаці Бэла для паляпшэньня свайго іміджу.

“Хачу выказаць меркаваньне наконт рэклямы рэжыму лордам Тымаці Бэлам. Ёсьць прыгожае беларускае слова “марнатраўства”. Навошта траціць грошы на гэтае марнатраўства, калі трэба выканаць хаця б палову тых патрабаваньняў, якія выставіў Эўразьвяз нашаму рэжыму? Хаця б яны выпусьцілі палітзьняволеных, не прымалі драпежніцкі закон аб сродках масавай інфармацыі і гэтак далей. Я лічу, што гэта марнатраўства, і за яго ў нас, на вялікі жаль, няма каго спытаць. Дэпутаты ня могуць запытацца ва ўлады, куды яны нашы грошы трацяць. Дзякуй”.

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе экс-сьпікер Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

“Я магу быць толькі ўдзячны за такое пытаньне: навошта запрасілі лорда? Па-першае, ствараецца імідж не дзяржавы, а імідж прэзыдэнта. І гэты імідж стваралі пэўныя асобы тут, ну, напрыклад, такія, як Юры Азаронак. Ну пра які аўтарытэт ідзе гаворка, калі яго ў стане “белай гарачкі” прывезьлі з-за мяжы сюды? Прыйшлося яго выгнаць. А іншыя нашы пісакі, такія, як “СБ” ды іншыя, яны таксама ня маюць ужо ніякай папулярнасьці. Таму што народу абрыдлі ўсхваленьні беларускай улады. Таму трэба паклікаць таго, хто мае пэўны аўтарытэт. Запрасілі лорда, які сапраўды мае пэўны аўтарытэт. Але ж лорду трэба будзе вельмі-вельмі добра заплаціць за тое, каб ён даў станоўчую рэкамэндацыю гэтаму непрыгляднаму рэжыму, і гэта разумее радыёслухач. Гэта сапраўды будзе каштаваць шалёных грошай нашым падаткаплатнікам. Але я перакананы, што імідж так званага нашага ўсенародна абранага падняць такім чынам будзе вельмі цяжка”.

Яшчэ адно тэлефанаваньне нашага слухача:

“Беларуская ніва асірацела. Поле бітвы за ўраджай пакінуў наш палкаводзец. Ці то пораху не хапіла, ці паліва скончылася. І вось вестка: спартовец нумар адзін Беларусі падаўся ў далёкі Пэкін даваць парады беларускім спартоўцам, як заваёўваць алімпійскія мэдалі. На парадзе будзе. Эх, яшчэ б і белага каня яму…”

Тэлефон у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29-391-22-24.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG