Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкамэндацыі, якімі карыстаюцца журналісты Радыё Свабода пры асьвятленьні выбараў.

Пададзеныя ніжэй рэкамэндацыі маюць агульны характар і падрыхтаваныя для ўсіх службаў нашага радыё. У беларускіх рэаліях такія рэкамэндацыі могуць мець сваю спэцыфіку.

Ці прыдатныя гэтыя рэкамэндацыі для беларускіх СМІ? Што тут лішняе? Чаго не хапае?

ВЫКАЖЫЦЕ СВАЕ ДУМКІ Ў КАМЭНТАРАХ ДА ГЭТАГА МАТЭРЫЯЛУ


***

A. РС не падтрымлівае ніводнага кандыдата. Мы даем слова прыхільнікам і апанэнтам кандыдатаў і арганізуем дыскусіі паміж імі. Захаваць давер слухачоў мы можам толькі дэманструючы нашу бесстароннасьць.

B. РС не спрабуе ўраўнаважыць неаб'ектыўнасьць дзяржаўных СМІ, паведамляючы толькі тое, што замоўчваюць яны. Мы мусім захоўваць інфармацыйную раўнавагу ў межах нашых праграмаў. Наша місія ня ў тым, каб ўраўнаважваць неаб'ектыўнасьць дзяржаўных СМІ і даваць слова толькі другому боку. РС мусіць служыць інструмэнтам пераправеркі фактаў, супастаўляючы там, дзе гэта магчыма, розныя выказваньні з паведамленьнямі іншых крыніц.

a. Там, дзе гэта магчыма, прапаноўваць партнэрства дзяржаўным або публічным СМІ ў правядзеньні дэбатаў паміж кандыдатамі;
b. Загадзя рыхтаваць правілы дэбатаў і знаёміць зь імі кандыдатаў або партыі.

C. Усяляк заахвочваюцца журналісцкія расьсьледаваньні.

D. РС у Празе адказвае за забесьпячэньне раўнавагі ў асьвятленьні выбараў. Асьвятляючы падзеі, зьвязаныя з выбарамі, журналіст можа ня мець магчымасьці дасягнуць інфармацыйнай раўнавагі ў асобным матэрыяле. У такіх выпадках праская служба мусіць дагледзець, каб раўнавага была захаваная ў межах праграмы ў цэлым.

E. Прадстаўнікам міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ, Рада Эўропы і г.д.) мусіць быць дадзеная магчымасьць выказваць свае меркаваньні па важных пытаньнях да выбараў і падчас іх. Міжнародныя экспэрты і міжнародныя назіральнікі таксама павінны мець магчымасьць крытычна ацаніць выбарчы працэс і вынікі выбараў.

F. РС мусіць з надзвычайнай увагай і асьцярожнасьцю падыходзіць да праверкі інфармацыі з нашых крыніц. РС ня можа дазволіць, каб ім маніпулявалі і злоўжывалі. Час выбараў нярэдка вызначаецца рознымі інфармацыйнымі маніпуляцыямі, што на практыцы азначае дэзінфармацыю.

G. РС мусіць пастаянна захоўваць максымальны ўзровень раўнавагі. Калі ў праграмах увесь час гучыць толькі адзін бок, мы мусім кампэнсаваць адсутнасьць другога боку пераказам яго поглядаў.

H. РС не дазваляе гасьцям сваіх праграм абражаць адзін аднаго. Ніводзін кандыдат ня можа ў нашым эфіры і на нашых вэб-старонках абвінавачваць, навешваць ярлыкі або яшчэ нейкім чынам нападаць на іншага кандыдата. Калі такое злоўжываньне ўсё ж адбудзецца, атакаванаму кандыдату трэба даць магчымасьць адказаць, або мадэратар мусіць нагадаць слухачам правілы дэбатаў. Калі з такімі нападкамі выступіць слухач, мадэратар мусіць зрэагаваць неадкладна, выразаць абразьлівыя заўвагі і выправіць сытуацыю.

I. Беручы інтэрвію, журналіст мусіць быць спакойны, але рашучы і настойлівы.

J. РС не дае трыбуну праявам нянавісьці.

K. Мы мусім захоўваць яшчэ адзін аспэкт раўнавагі – пашыраць асьвятленьне падзеяў у рэгіёнах, зьвязаных з выбарчай кампаніяй.

L. Мы мусім пры магчымасьці даваць кожнаму кандыдату аднолькавы эфірны час. Калі гэта немагчыма з-за колькасьці зарэгістраваных кандыдатаў, Служба ў празе мусіць забясьпечыць, каб асьвятленьне выбараў было справядлівым і ўраўнаважаным.

а. Прапануецца, каб падчас кампаніі розным кандыдатам задаваліся ТЫЯ САМЫЯ пытаньні.
b. Гэты падыход дазваляе пераарганізаваць інтэрвію паводле тэматычнага прынцыпу (кандыдаты пра эканоміку, Эўразьвяз і г.д.)
c. Калі нехта з кандыдатаў адмаўляецца даць інтэрвію, пра гэта мусіць быць ясна сказана ў эфіры і на сайце.

M. Перадаючы рэпартажы і сюжэты пра выбары ў межах адной праграмы, Служба ў Празе сочыць за раўнавагай. У пачатку і ў канцы праграмнага блёку, прысьвечанага выбарам, ужываюцца тыя самыя музычныя пазыўныя.

N. Перад пачаткам і падчас асьвятленьня выбарчай кампаніі Служба павінна паведаміць слухачам пра асноўныя прынцыпы асьвятленьня выбараў, прынятыя на РС.

a. Рэкамэндуецца паведаміць пра нашы правілы кандыдатам і партыям.
b. Правілы павінны быць разьмешчаныя на вэб-сайце.

O. У часе перад выбарамі трэба ўстрымацца ад асьвятленьня ў выпусках навін вострых тэмаў, накшталт рэлігіі, ісламу і г.д. Вострыя праблемы варта асьвятляць у спэцыяльных перадачах, а не ў навінах, хай пра іх гавораць экспэрты, хай па іх выказваюцца кандыдаты на выбарах.
Н-і-к-о-л-і нельга прапускаць нагоду задаць кандыдатам пытаньне на вострыя тэмы.

P. Асьвятленьне выбарчай кампаніі варта даручыць тым самым мадэратарам або рэдактарам навін. Рэкамэндуецца, каб за асьвятленьне выбараў адказвала адна асоба. Гэта б забясьпечыла лепшы рэдакцыйны кантроль і захаваньне прынцыпаў асьвятленьня выбараў.

Q. Трэба быць асьцярожнымі пры правядзеньні інтэрвію з кандыдатамі ў прэзыдэнты ў жывым эфіры, бо яны могуць спрабаваць дасягнуць свае мэты і выкарыстаць РС як плятформу для выказваньняў, якія пярэчаць нашым прынцыпам. Сутыкнуўшыся з такімі злоўжываньнямі ў жывым эфіры, мы мусім быць гатовыя належна зрэагаваць і працытаваць адпаведныя пункты рэдакцыйнай палітыкі РС.

a. Калі ў жывым эфіры слухачам даецца магчымасьць пазваніць у студыю, неабходна загадзя азнаёміць іх з правіламі;
b. Трэба сачыць за тым, каб пытаньні слухачоў задаваліся кожнаму кандыдату. Недапушчальна, калі нязручныя пытаньні задаюцца толькі асобным кандыдатам;
c. Варта выкарыстоўваць вэб-сайт для наладжаньня сувязі са слухачамі і атрыманьня пытаньняў ад аўдыторыі;
d. Калі магчыма, для гэтых мэтаў варта ўжываць відэа.

R. Гаворачы пра кандыдатаў у прэзыдэнты, важна дакладна выбіраць тэрміны (напр. Саакашвілі як дзейны прэзыдэнт або Саакашвілі як кандыдат і г.д.).

S. Гаворачы пра кандыдатаў, н-і-к-о-л-і не ўжываць этнічныя акрэсьленьні (напр. кандыдат-мусульманін, кандыдат-чачэнец і г.д.). Калі этнічнае акрэсьленьне ўсё ж неабходна ўжыць, яно ня можа быць адзіным акрэсьленьнем.

T. Н-і-к-о-л-і не паведамляць пра колькасьць удзельнікаў перадвыбарчага мітынгу, калі адзінай крыніцай інфармацыі была партыя, якая яго арганізавала. Такую інфармацыю з-а-ў-с-ё-д-ы трэба пераправяраць паводле іншых крыніцаў. Калі іншых крыніцаў няма, колькасьць прысутных на мітынгу падаваць ня варта.

a. Варта загадзя вырашыць, як і на працягу якога часу будуць асьвятляцца мітынгі.
b. Варта загадзя вырашыць, колькі мітынгаў будзе асьвятляцца.
c. Варта паведаміць пра гэтыя рашэньні кандыдатам і партыям.

U. Трэба пазьбягаць абвяшчэньне вынікаў перадвыбарчых апытаньняў. Перадвыбарчыя апытаньні ў краінах нашага вяшчаньня часта служаць інтарэсам паасобных групаў.

V. Журналіст мусіць быць спакойным, пазьбягаць эмоцыяў, быць дысцыплінаваным і засяроджвацца на важнасьці тэмы, а не на эмоцыях, якія вакол яе ўзьнікаюць.

W. Трэба пазьбягаць некаторых ацэначных прыметнікаў – “удалы” мітынг, “бліскучая” прамова і г.д. Ня нам судзіць, што добрае ці дрэннае, удалае ці няўдалае.

X. Н-і-к-о-л-і не ўжываць у матэрыялах займеньнікаў “мы” і “наш”. Калі мы іх ужывем, нас могуць успрыняць як прадстаўнікоў нейкай палітычнай групы, якая ўдзельнічае ў выбарах. Калі ў рэпартажы прагучыць фраза “наша пазыцыя палягае ў тым, што...”, рэпартэра могуць успрыняць як прыхільніка гэтай пазыцыі. Можа здарыцца, напрыклад, што апазыцыя прытрымліваецца іншай пазыцыі.

Y. Н-і-к-о-л-і не адказваць на абвінавачваньні на адрас нашага радыё або навешваньне на яго ярлыкоў без грунтоўнай кансультацыі з адпаведнымі службамі РС.

Z. Варта заўсёды мець пад рукой дакладную статыстыку асьвятленьня выбараў. Падрыхтоўка статыстыкі зойме 5 хвілін на дзень, але дасьць нам эфэктыўны інструмэнт рэдакцыйнага кантролю. Да таго ж, гэта дапаможа абгрунтавана адказаць на абвінавачаньні ў аднабаковасьці або небесстароннасьці асьвятленьня выбараў у нашых праграмах.


XS
SM
MD
LG