Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя будзе вылучаць ва ўчастковыя камісіі да апошняга


10 жніўня — апошні дзень, калі можна вылучыць кандыдатаў для працы ва ўчастковых камісіях, які вядуць падлік бюлетэняў выбарцаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў “Свабодзе”, што Цэнтральная камісія рэкамэндавала выканкамам арганізаваць прыём заявак у бліжэйшыя суботу і нядзелю:

“Каб усе суб’екты, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў, змаглі скарыстаць сваё права. У мяне няма ніякага сумневу, што ўсе без выключэньня камісіі будуць сфармаваныя ў вызначаны заканадаўствам тэрмін. Тым больш што суб’ектаў, якія вылучаюць, дастаткова, і кандыдатураў звычайна бывае больш, чым месцаў у камісіі”.

Каардынатар праграмы “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка кажа, што дэмакратычныя сілы не спадзяюцца вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 6500 выбарчых участкаў:

“Агульныя вынікі мы пакуль не падводзім — да 10-га. І найхутчэй толькі ў панядзелак, а можа нават і ў аўторак, дамо іх для мэдыяў. Але ўжо сёньня можна казаць, што нашы абяцаньні вылучыць ад 1000 да 1500 чалавек выконваюцца. А можа, будзе і больш.

Самы актыўны працэс менавіта цяпер. Ведаю, што некаторыя яшчэ толькі сёньня пачынаюць зьбіраць подпісы для вылучэньня ва ўчастковыя камісіі, бо раней былі занятыя зборам подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Гэтыя працэсы атрымаліся спалучаныя”.

Патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат ва Ўручанскай выбарчай акрузе ў Менску Алесь Міхалевіч кажа, што ён загадзя паклапаціўся пра вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі. У акрузе 36 участкаў, удакладняе спадар Міхалевіч:

“Я думаю, што вылучу па адным прадстаўніку на кожны ўчастак. Гэта звычайныя людзі — настаўнікі, дактары, хатнія гаспадыні... Абсалютная бальшыня — людзі з вышэйшай адукацыяй. Многія зь іх ужо былі назіральнікамі на папярэдніх выбарах.

Калі б удалося мець 30 чалавек у камісіях, гэта было б вельмі добра. Я разумею, што некаторыя ўчасткі, маюцца на ўвазе вайсковыя, для мяне будуць закрытымі. І туды будуць вельмі асьцярожна браць прадстаўнікоў іншых, не праўладных кандыдатаў у дэпутаты. Але калі б на ўсе цывільныя ўчасткі я здолеў правесьці сваіх прадстаўнікоў, гэта быў бы вельмі добры паказьнік”.
XS
SM
MD
LG