Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі аглядальніца тыднёвіка «Белорусы и рынок» Вольга Бірукова папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі. Цяпер журналістка знаходзіцца ў Лёндане і чакае вэрдыкту міграцыйных службаў, адказных за працэдуру легалізацыі мігрантаў.

Перад ад'ездам Вольга паведаміла сябрам, што на такі радыкальны крок яе падштурхнула палітычная сытуацыя ў Беларусі. Па яе словах, у Менску ўзьнікла небясьпека для яе жыцьця. Прычынай – яе прафэсійная дзейнасьць.

Пакуль Вольга адмаўляецца ад падрабязных камэнтароў, паколькі штосьці прагназаваць у цяперашняй сытуацыі заўчасна:

«Магчымасьць адаптавацца тут выдатная, але пра гэта трэба думаць крыху пазьней. Але я ўжо сказала ўсё, што магла сказаць і, на жаль, на гэты момант папросту няма чаго дадаць».

Карэспандэнт: «І пра прычыны, якія прымусілі вас зьехаць, падрабязьней нічога не раскажаце?»

«Я сказала ўсё, што магла сказаць, і пакуль што нічога ня маю да гэтага дадаць. Прабачце».

Карэспандэнт: «Але нейкія дакумэнты ў міграцыйныя органы Вы ўжо падалі?»

«Усё, што магла сказаць, я ўжо сказала. Да інфармацыі, якая была агучаная, дадаць проста няма чаго».

Беларуская асацыяцыя журналістаў прыгадала імёны іншых журналістаў, якія прасілі палітычнага прытулку ў краінах Эўропы.

Адным з першых, хто звярнуўся па палітычны прытулак, быў цяперашні кіраўнік аддзелу навінаў тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. У 2001 годзе ён выехаў з Пінску ў Варшаву, дзе атрымаў статус палітуцекача.

У 2002-м магілёўскі журналіст Уладзімер Лапцэвіч папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

У 2004-м у Швэцыю ад'ехаў рэдактар газэты «Регион-вести» са Сьветлагорску Мікалай Паседзька. У тым жа годзе намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Алесь Сіліч папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі.

У 2005-м статус уцекача атрымала ў Польшчы журналістка Вольга Класкоўская, якая працавала на шэраг беларускіх і замежных СМІ.

У 2006-м палітычнага прытулку ва Ўкраіне папрасіў рэдактар ваўкавыскай «Мясцовай газэты» Андрэй Шантаровіч.

У 2007-м у Бэльгію зьехаў журналіст «Комсомольской правды в Белоруссии» Алег Улевіч.

У 2008-м сьпіс журналістаў-эмігрантаў папоўніла журналістка Вольга Бірукова. Яна спадзяеца атрымаць палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG