Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя шукае новага сьведку па справе выбуху


“На выгляд яму 30—35 гадоў, рост — 180—185 см, мажнага целаскладу. Быў апрануты ў блакітную клятчастую кашулю з кароткімі рукавамі, сьветлыя штаны і сьветла-карычневыя сандалі”, — паведаміў кіраўнік прэсавай службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі


“Паводле сьведкаў-відавочцаў, дадзены мужчына зьявіўся на месцы знойдзенага і абясшкоджанага выбуховага прыстасаваньня каля 21:30 3 ліпеня… Ён сядзеў на поліэтыленавым пакеце жоўтага колеру, праваруч ад яго знаходзіўся пакет нэктару “Садочок” ёмістасьцю 2 літры”, — цытуе словы А.Ластоўскага Інтэрфакс.

Аляксандар Ластоўскі зазначыў, што асобам, якія апазналі гэтага чалавека або маюць інфармацыю па дадзенай справе, варта зьвярнуцца ў міліцыю.

Паводле словаў прадстаўніка ГУУС, “асаблівую цікавасьць прадстаўляюць відэаматэрыялы, якія ёсьць у маладой сям’і: мужчыны і жанчыны ва ўзросьце 23—25 гадоў, зь якімі знаходзіўся хлопчык гадоў 4—5”.

“Мужчына ростам 178 см, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя, не каротка стрыжаныя, быў апрануты ў сьветлую тэніску і цёмныя штаны. Жанчына — рост прыкладна 170—175 см, хударлявая, валасы прамыя, цёмна-карычневага колеру, рысы твару правільныя, была апранутая ў цёмную вопратку. Хлопчык быў апрануты ў джынсавы строй, джынсавую кепку. Дзіця танчыла, а дарослыя здымалі яго на відэакамэру ці лічбавы фотаапарат”, — паведаміў А.Ластоўскі.

Кіраўнік прэсавай службы дадаў, што міліцыя працягвае пошук сям’і, якая знаходзілася на месцы, дзе было знойдзена выбуховае прыстасаваньне вечарам 3 ліпеня.

4 жніўня ў міліцыю зьвярнуўся чалавек, якога сьледзтва на той момант лічыла галоўным сьведкам. Гэта жыхар Менску 1961 году нараджэньня, які нідзе не працуе. У ГУУС Менгарвыканкаму тады паведамілі, што сьведку правераць на дэтэктары хлусьні, але дадалі, што “аб'ектыўных прычынаў для затрыманьня гэтага чалавека няма”.

4 ліпеня на сьвяточным канцэрце з нагоды афіцыйнага сьвята — Дня Рэспублікі адбыўся выбух, ад якога пацярпела каля паўсотні чалавек. Крымінальная справа, заведзеная паводле артыкулу “злоснае хуліганства”, налічвае ўжо 10 тамоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG