Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок у Дворышчы: жывуць на вёсцы, а працуюць у горадзе


Конны манэж у Дворышчы
Конны манэж у Дворышчы

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды” (эфір 5 жніўня).

Едучы ізноў, праз тры гады, у вандроўку ў пасёлак Дворышча, ставіў як мінімум тры мэты. Даведацца, ці прынёс створаны тут сёлета аграгарадок вырашэньне эканамічных ды сацыяльных праблем некалі славутай аднайменнай гаспадаркі? Што адбываецца на тамтэйшай, калісьці найлепшай у краіне, конскай фэрме? А таксама — ці пайшлі справы ў вядомага фэрмэра ды бізнэсмэна Віктара Кудло? Пачалося зь непрыемнага сюрпрызу. Ехаць давялося марудным дзяржаўным “ЛАЗам”. Аўтобусны сусед мне патлумачыў:

“Зьнялі камэрцыйную маршрутку на Дворышчы. Даводзіцца сыходзіць на скрыжаваньні і пехам дабірацца. 16 км у 160 ператвараюцца. Было добра і людзям, і прадпрымальнікам. Проста яны выйгравалі перад дзяржаўным транспартам...”

На ўскрайку Дворышча — развалы былой сядзібы езуітаў. Насупраць — дом, у якім жыве спадарыня Кахоцкая. Зь ёй першай я сустрэўся і тры гады таму. Цётка Станіслава мяне пазнала. І, загаварыўшы пра набалелае, увяла ў курс вясковага жыцьця:



“Во гэтыя гарадкі — я імі не задаволеная. Міліцыянты прыйшлі: “Калі перад вашай хатай карова “ляпне”, вы павінны гэта прыбраць”. А тут цэлай вёскай гоняць быдла — дзе ж ты яго заткнеш?! Мы ўсе хочам, каб чыста было. Дык парэзалі таполі — а таполі жывучыя, вылазяць праз тратуары, а тыя лопаюцца. Міленькі мой, пэнсіі мала нам. Палічылі соткі ў даход. А цяпер ніхто іх ня мае, бо сілы няма ў старых. Ні каровы, ні сьвінчо — мне 81. І так дзякуй, што пражыла столькі.

Дырэктары мяняліся —1, 2, 5. Лабэцкі ваду мне правёў, быў гаспадар, мясцовы, усё ведаў. Бабы буракі засявалі, ён хустку павязаў і п’яніц усіх адлавіў, хто буракі хацеў красьці. Добры быў чалавек. Каму ён там не дагадзіў, што яго замянілі?! Ідзе ціск на мясцовых. Чалавек, калі мае карову, ня ведае, куды яе гнаць — гарадок усюды. (Сьмяецца.) І, чула, даюць па рулоне сена — ім жа трэба па 10! А дзе ж адолець тую камуналку?! А сям'я, дзеці, ежу трэба купіць. Я з пэнсіі больш за палову на таблеткі. Як сказаў Лукашэнка — будзе ўсё, але дорага...”

Неўзабаве пераконваюся, што падобныя настроі не адзінкавыя. У беспрацоўных 40-гадовых Стаса ды Валодзі запытаўся, куды падзелася адчыненая тры гады таму камэрцыйная крама, вакол якой заўжды тоўпіўся народ. Давялося выслухаць гэтым разам калектыўныя нараканьні:

“Краму даўно закрылі. Добрая была, працавала да 12-ці ночы. Бывала, грошай не хапае, прадавачкі запішуць. Сьвежы тавар быў. Платы пафарбавалі, дрэвы папілавалі — а так бардак. Найлепшыя трактарысты ўзімку новыя трактары атрымалі. А ўвесну — заробак 300—380 рублёў і з 6 раніцы да 11 вечара! Хлопцы разам сабраліся і пайшлі на горад. Фэрму развалілі на 400 галоў — адны руіны, як у Чачні. У мяне жонка цялятніцай працуе з 80 цяляткамі-сасункамі — 130 тысяч!”

Спрабую давесьці суразмоўцам, што, маўляў, пабудавалі-ткі 9 прэзыдэнцкіх домікаў і яны ўжо заселеныя. Тыя ўзрываюцца яшчэ больш:

“У новых доміках людзі зіму пражылі — тынкоўка пасыпалася, на сьценах расколіны. Людзі калі перакрыцьці на даху клалі — па 100 літраў вады выцякала! Грыбок, цьвіль пайшлі. Месяца тры ані сьвятла, ані газу — са сьвечкамі сядзелі!”

Ля нас спыняецца даярка, спадарыня Галіна Лукаш. Яна пасялілася акурат у адным з домікаў...



Лукаш: “Паркан паламаны — во, не дабіцца. Хачу зьняць і прыбраць яго. Ні катлоў паравых, ні калодзежаў не паставілі — усё за свае! А яны павінны! Да Ганевіча хадзіла, плакала. А начальства дзецям дамы пабраўшы...”

Іван Ганевіч — старшыня Дварышчанскага сельсавету. Згадваю, якімі ружовымі фарбамі расьпісваў ён мне будучыя пэрспэктывы вясковага жыцьця тры гады таму:

“Па пагалоўі жывёлы ўзрастаем, надоі малака павялічыліся, як у асабістай гаспадарцы, так і ў саўгасе — штодзённа 8 тонаў здаём дзяржаве, і насельніцтва — чатыры з паловай тоны…”

У пошуках станоўчых эмоцыяў заходжу да апэратаркі сьвінакомплексу Валянціны Казаковай. Тры гады таму засяленьне ў прэзыдэнцкі домік стала для яе найвялікшай і радаснай падзеяй:



Казакова: “У нас няма выбару — альбо сьвінакомплекс, альбо каровы даіць. Мэханізацыі аніякай няма — і накарміць, і пачысьціць трэба ўручную. Хацелася б зьвярнуцца да нашага прэзыдэнта. Нашы дзеці таксама хочуць хадзіць прыгожа апранутымі, і трэба неяк зраўнаць заробак гораду ды вёскі…”

Ідзем уздоўж акуратных градак прысядзібнай гаспадаркі Казаковых. Сядзім у добра абстаўленым пакоі з Валянцінай. Яна зьнешне задаволеная ўсім:

“Жыць сталі мы добра. Дом упарадкавалі, я на машыне ежджу, дачка скончыла другі курс пэдкаледжу, муж працуе на трактары і на касілцы. Упарадкаваны газ і каналізацыя. Быў бы большы заробак. Муж вымушаны выяжджаць налева месяцы на два — зімой няма працы ў саўгасе. У Дворышчы застацца не мяняецца жаданьне маё...”

Спадар Уладзімір Юркевіч, дырэктар славутай калісьці конна-спартовай школы ды конскай фэрмы, заслужаны трэнэр Беларусі, з Дворышча ня хоча зьяжджаць, мабыць, больш як хто. У ягоным кабінэце шэрагам стаяць два дзясяткі кубкаў, заваяваных на міжнародных спаборніцтвах. Тры гады таму дварышчанскія каняводы прадалі за мяжу дзясятак жарабят — кожны па паўтысячы эўра. Але галоўнае багацьце — людзі. Працаголікі, цалкам адданыя справе. Кажа памянёны беспрацоўны Стас:


Стас: “Фанаты яны коней. Малы мой а 7 раніцы сёньня ўскочыў — і на стайню. Кажу, не пушчу — ледзь ня ў сьлёзы...”

Далей — спадар Юркевіч:

“Раней па манэжы хоць гарцавалі, а цяпер усюды гной, каня ня выпусьціць. Зрабілі канкурнае поле — а гэта пляцоўка 80 на 90 мэтраў для пераадоленьня перашкодаў у летні пэрыяд. Стайня ў аварыйным стане — дах можа абрынуцца ў любы момант. Саўгас дошак ужо ня можа даць. Трэці год ня можам знайсьці грошы адрамантаваць. Каб у нас вышэйшае кіраўніцтва аддала ўвагу коннаму спорту, мы маглі б сярод краінаў СНД быць на ўзроўні. Прывяду прыклад, калі былі ў Чарняхоўску. Захварэў конь. Мы папрасілі доктара палекаваць. Калі ён запытаў, якія лекі ёсьць, у нас нічога не было. Ён сказаў: "Як вы прыяжджаеце на спаборніцтвы?!" У Нямеччыне для падтрымкі каня — не для лекаваньня — 300 даляраў ідзе на месяц, а мы 75 тысяч беларускіх рублёў даць ня можам не на ўтрыманьне — на лекаваньне! А на падтрыманьне ў нас нуль...”

Ну і, нарэшце, сустрэча са спадаром Віктарам Кудло. Мае фэрмэрскі надзел на 15 га. За савецкім часам кіраваў экспэрымэнтальнай базай “Ніва”, дзе вырошчвалі і прадавалі да 5000 тон бульбы. Для параўнаньня: уся дварышчанская гаспадарка зьбірае ня больш за 80. Тройчы балятаваўся ў дэпутаты парлямэнту, рэгулярна перамагаў у першым туры. Але пасьля апошніх для яго выбараў у палітыцы, кажа спадар Віктар, расчараваўся канчаткова:



“Патэлефанаваў а 3-й ночы старшыня райвыканкаму: "А што, сьпіш?" — "Сплю. Не хвалюйся. А я і так ведаю, што заваліце". — "Не, віншую, вы перамаглі. Па лідзкім радыё ўжо паведамілі, што дэпутат". Раніцай прыяжджаю ў выбаркам — ніхто не ідзе віншаваць. (Сьмех.) Ужо я на трэцім месцы...”

Пра аграгарадок ды сучаснае яго кіраўніцтва Кудло гаворыць з адкрытай непрыязнасьцю. “І словы такія сёньня рэдка пачуеш. І шмат чаго яны вартыя”. Так мне казалі ў Дворышчы.

Кудло: “Чакаюць прыезду начальства — косяць, вуліцы падмятаць усіх гоняць. 20 год з кіраўнікоў раёну ніхто на фэрмы не зазіраў. Толькі скачкі, лазьня ды абяцаньні, што будуць грошы. У Дворышчы пры тупой палітыцы аграгарадкоў прысвоілі ўсё раней зробленае сабе. Усё ж рабілася за свае грошы. Гаспадарка мела на рахунку 2,5 млн даляраў на тыя грошы. У банку чэкавая безьлімітная кніжка — колькі хочаш бяры. Будавалася ўсё за свой кошт. Быў пасёлак эўрапейскага тыпу. Газоны былі пастрыжаныя, тратуары, ліхтарыкі начныя прыгожыя. Па вуліцах ішла ліўневая каналізацыя — вада адразу сыходзіла. У дамах газ, сьвятло. Фэрмы з мэханізацыяй, малакаправодам з гноевыдаленьнем, лазьняй ці душавой — для ўсіх вяскоўцаў! А цяпер пародыя, для мяне боль. Назвалі “аграгарадок” — а вытворчасьці няма, заробкі нізкія. Будуюць домікі — апошнія сродкі з гаспадаркі. А ў Дворышчах кожную раніцу стартуюць 20 нашых былых працаўнікоў — едуць на Ліду, бо добра плацяць...”

Так атрымалася, што фэрмэрам спадар Кудло стаў вымушана:

“Сын быў на практыцы ў Галяндыі, а пасьля ў Швайцарыі — заатэхнік. Папрацаваў тут на сьвінакомплексе, атрымаў 80 тысяч на 5 кг мяса. І паехаў ужо нелегальна да таго фэрмэра. І рашыў узяць зямлю. У 2005-м узялі ў крэдыт трактар. Сеялі збожжавыя, бульбу. Тут сьвінафэрма была — 10 год не працуе. Я прасіў аддаць ці прадаць. Для пачатку завесьці 1000 галоў. Як налічылі мне, дык лепш на новым месцы будаваць. А там электрычнасьць падведзена, вада. І з кожным годам цана ўверх, а сьцены ніжэйшыя за фундамэнт. То сын гэтую справу кінуў — “не пайду”. Вось вам і адраджэньне вёскі. І роўна год як аформіў на сябе фэрмэрскую гаспадарку, бо інакш усё адразу выплачвай. Чакаем лепшых часоў, калі дадуць ільготы, мінэральныя ўгнаеньні, як калгасам. Тады пераможам — у нас жа лепшая прадукцыя...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG