Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зранку ён наведаў райцэнтр Гарадок, дзе балятуецца мясцовы актывіст Леанід Аўтухоў, а потым дапамагаў зьбіраць подпісы ў Віцебску – адразу за чатырох дэмакратычных вылучэнцаў.

Подпісы за Леаніда Аўтухова, старшыні раённай арганізацыі Партыі БНФ і актывіста стваранага Руху “За Свабоду!”, зьбіралі ў Гарадку недалёка ад цэнтральнай гарадзкой плошчы. Як адзначылі сябры ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдыта ў дэпутаты, людзі падыходзілі ня толькі каб падпісацца, але й каб паразмаўляць зь вядомым палітыкам.

У Віцебску на Смаленскім кірмашы з удзелам Аляксандра Мілінкевіча зьбіралі подпісы адразу за чатырох дэмакратычных кандыдатаў – Тацяну Севярынец, Аляксея Гаўруцікава, Галіну Козараву і Ігара Каныгіна. Паколькі на кірмаш зьязджаюцца пакупнікі з усяго горада, кожны ахвотны мог паставіць подпіс за вылучэньне дэмакратычнага кандыдата ў той акрузе, дзе жыве.

Прысутнасьць Аляксандра Мілінкевіча выклікала вялікую цікаўнасьць у пакупнікоў і адначасова пэўную насьцярожанасьць з боку гандляроў: сьледам за спадаром Мілінкевічам і каардынатарам па Віцебскай вобласьці Хрыстафорам Жаляпавым увесь час хадзіла штатная кантралёрка рынку. Яна адсочвала, каля якога шапіку спыняліся апазыцыянэры, ці размаўлялі з гаспадарамі, а некаторых гандляроў адразу ж штрафавала – да прыкладу, за паленьне на рабочым месцы.

Збор подпісаў працягваўся на Паўднёвым кірмашы. За перасоўваньнямі Аляксандра Мілінкевіча і Хрыстафора Жаляпава па гораду пільна сачыла ДАІ, і некалькі разоў машыны спынялі для праверкі дакумэнтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG