Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 жніўня, сераду

Слухачы “Свабоды” актыўна працягваюць абмяркоўваць сытуацыю, якая склалася ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

“Якая здрада з Казуліным, адчайным змагаром з рэжымам! Спадар Пазьняк у эміграцыі, Захаранкі, Карпенкі, Ганчара няма. Казулін за кратамі. Аляксандра Мілінкевіча апазыцыя выціснула зь лідэрства. Лукашэнка, напэўна, пацірае рукі ад задавальненьня працай службаў ягоных і расейскіх. Удала выкарыстоўваюць слабасьць людзкую, здраду, подласьць, прагу пасярэднасьці быць навідавоку”.

“Ня ведаю справы ўнутры партыі “Грамада”. Можа, рэальная сытуацыя прымусіла пераабраць Казуліна. Але трэба зрабіць дакор палітыкам, якія цяпер на волі і дзеляць крэслы. Каб яны, як і Казулін, былі больш рашучыя, ішлі, як і ён, да канца, то мы, беларусы, ужо даўно б жылі ў іншай краіне”.

Тэлефанаваньні слухачоў камэнтуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Палітыка — сама па сабе канкурэнтная сфэра. Іншая рэч, беларускае палітычнае жыцьцё мае сваю спэцыфіку. На жаль, гэта такая змрочная спэцыфіка. Беларускія партыі фактычна загнаныя ў андэрграўнд, яны выціснутыя з сыстэмнай палітыкі. У гэтым маргінальным стане, калі яны ня могуць уплываць на рэальныя працэсы, пачынаецца ў некаторых выпадках, так бы мовіць, грызьня павукоў у слоіках. І плюс у такой сытуацыі ўлады пры дапамозе спэцслужбаў могуць і адмыслова нейкія сцэнары разьяднаньня, расьцярушваньня апазыцыі ўжываць таксама. Да таго ж вялікая дэмакратычная частка грамадзтва глядзіць на апазыцыю як на нейкі маральны сымбаль, і таму палітыкам варта яшчэ думаць, якое ўражаньне яны робяць на іншых людзей дэмакратычных поглядаў, ня толькі думаць пра нейкія вузкапартыйныя інтарэсы, але і пра ідэалы дэмакратыі”.

Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”:

“Вас непакоіць кіраўнік ініцыятыўнай групы па выбарчай акрузе нумар 70 гораду Маладэчна. Я кіраўнік ініцыятыўнай групы аднаго з дэпутатаў. Зьвярніце ўвагу, я нікога не рэклямую. 4 жніўня, выступаючы па Радыё Свабода, спадар Лябедзька выказаў свой пункт погляду, што “мы зьбіраем галасы па горадзе Маладэчна і ўсім расказваем, што ад улады ідуць тры чалавекі, а я, чацьвёрты, іду ад апазыцыі, і людзі, маўляў, ахвотна за мяне падпісваюцца”. Спадар Лябедзька, мы вельмі паважаем вас і вашу партыю, але трэба быць шчырымі і сумленнымі. Усе ў нас ведаюць, хто ў нас ад якой партыі, хто ад улады. Гэта ўсе ведаюць. Тры кандыдаты не ад улады, гэта дакладна. І вось адзін, усе гэта ведаюць, ідзе ад улады. Таму ня трэба казаць людзям, што “ўсе тры ад улады ідуць, а я адзін ад апазыцыі”. З павагай, кіраўнік ініцыятыўнай групы”.

На тэлефанаваньне кіраўніка ініцыятыўнай групы з Маладэчна адказвае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Дзеючы дэпутат ад Маладэчна спадар Чурсін ёсьць вельмі выразны прадстаўнік беларускай улады. І гэта ён засьведчыў сваімі калі дзеяньнямі, а калі і бязьдзеяньнем падчас працы ў Палаце прадстаўнікоў. Другі прэтэндэнт па прозьвішчы Мінец — супрацоўнік Маладэчанскага райвыканкаму, яго працоўная кніжка знаходзіцца ў структурах улады. Трэці прадстаўнік — дырэктар тэхнікуму, які на папярэдніх выбарах пазыцыянаваў сябе як чалавек блізкі да ўладаў і падтрымлівае тое, што робіць беларуская ўлада. А чацьвёрты там ідзе Аляксандар Шумкевіч, кіраўнік арганізацыі “Маладыя дэмакраты” — моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Як ні круці, як ні перакручвай — атрымліваецца адзін на тры”.

Слухачы “Свабоды” адгукнуліся і на сьмерць расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына:

“Сёньня пахаваньне Аляксандра Ісаевіча Салжаніцына. Паглядзеў, на разьвітаньне прыходзяць чыноўнікі ўсіх рангаў. Чамусьці ўспомніў яго твор “Бадалася цялё з дубам”. А таксама ўспомнілася, што наш Аляксандар Рыгоравіч бадаўся з усім сьветам... Дый вось прыйшла ў галаву абрэвіятура ГУЛАГ. У нас жа свой ГУЛАГ — гэта “Галоўны Ўзурпатар Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Тэлефон у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29-391-22-24.
XS
SM
MD
LG