Лінкі ўнівэрсальнага доступу

423 ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты разам сабралі ўжо каля 180 тысяч подпісаў выбарцаў.

Найбольшая лічба подпісаў, сабраных адным прэтэндэнтам, — 4000. Лідэрамі сталі двое: Яраслаў Берніковіч з Партыі БНФ і Ўладзімер Нісьцюк зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Спадар Берніковіч мае намер балятавацца ў дэпутаты па Глыбоцкай выбарчай акрузе. Сёньня да яго ў Глыбокае прыехаў намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч. Ён уваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Яраслава Берніковіча. Спадар Янукевіч тлумачыць посьпех свайго таварыша так:

“Відавочна, што тут кампанія ідзе добра ў вялікай ступені дзякуючы таму, што людзі ўжо даўно ведаюць Яраслава. Ён ужо ня першы раз тут вылучаецца. Ініцыятыўная група працуе вельмі добра. І надзвычай шмат подпісаў зьбіраецца ў пікетах — на рынку, у іншых людных месцах. Людзі падпісваюцца масава і вельмі ахвотна”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ дадаў у скарбонку калегі 18 асабіста сабраных подпісаў:

“Я лічу, што за паўдня гэта вельмі нармальны вынік. З улікам таго, што ўжо вельмі шмат людзей падпісаліся ў Глыбокім. Вельмі шмат выбарцаў сустракаў, якія мне казалі, што ўжо падпісаліся за Берніковіча”.

Уладзімер Нісьцюк балятуецца ў Менску, у Масюкоўшчыне. Ён зьбірае подпісы ў сваю падтрымку ў складзе сваёй ініцыятыўнай групы, што дазволена выбарчым заканадаўствам. І вось якія ўражаньні ў яго ад гэтага працэсу:

“Людзі вельмі шмат цікавяцца. Але не праграмай кандыдата, а што гэта за чалавек: адкуль ён родам, хто яго бацькі, хто яго дзеці, ці ён бізнэсовец, ці палітык, ці настаўнік, ці яшчэ нехта. Карацей, цікавяцца асобай.

Ніяк не рэагуюць людзі на партыйнасьць — нецікава. Я, напрыклад, не хаваюся, што я сябра партыі. Але мяне ня партыя вылучае. Я вылучаюся ад выбарцаў праз збор подпісаў”.

У гэтай жа акрузе зьбіраюцца балятавацца і іншыя прадстаўнікі апазыцыі. Спадар Нісьцюк кажа пра сваіх магчымых супернікаў так:

“Група Дзяніса Садоўскага з Аб’яднаных дэмсілаў працуе вельмі нядрэнна. Мы зь ёй ужо некалькі разоў перакрыжаваліся. Але ў нас ёсьць дастаткова сур’ёзнае паразуменьне, бо кожны робіць сваю справу. Пакуль мы ня выйшлі на нейкія дыскусіі, бо займаемся тэхнічнай справай — зборам подпісаў. І, наколькі я ведаю, — але мы пакуль нідзе не сутыкнуліся, — ад Эўрапейскай кааліцыі па гэтай акрузе ідзе Тацяна Міронава”.

Да заканчэньня этапу збору подпісаў застаецца няшмат часу. Не пазьней за 18 жніўня патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мусяць перадаць у акруговыя камісіі подпісы, сабраныя ў сваю падтрымку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG