Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэтэндэнтку на дэпутацтва выклікаюць з бацькамі


У камітэт фінансавых расьсьледаваньняў па Магілёўскай вобласьці выклікалі самую маладую прэтэндэнтку на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Тацяну Шамбалаву.

Ёй дваццаць адзін год, яна скончыла тры курсы гістарычнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова.

Паводле Тацяны Шамбалавай, у камітэт яе выклікаюць як сьведку да інспэктара Іваніцкага. У камітэт сьведкамі выкліканыя таксама ейныя бацька й маці.

Тацяна Шамбалава — рэгіянальная каардынатарка арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Яна зьбіраецца змагацца за дэпутацтва па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе. У сваю падтрымку сабрала ўжо каля чатырохсот подпісаў.

На Магілёўшчыне ў камітэце фінансавых расьсьледаваньняў ужо пабывалі больш за два дзясяткі апазыцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Ад пазаўчора ў камітэт пачалі выклікаць і родных прэтэндэнтаў — бацькоў, братоў, сясьцёр ды жонак. Усіх іх у камітэце абавязваюць падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці. Учора, да прыкладу, дэклярацыю запатрабавалі ў 89-гадовай маці старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава.
XS
SM
MD
LG