Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўную групу старшыні няўрадавай донарскай арганізацыі “Кропля жыцьця” Ігара Каваленкі не пускаюць у інтэрнаты Магілёву зьбіраць подпісы у ягоную падтрымку.


Прэцэдэнт здарыўся тыдзень таму. Пасьля скандалу зборшчыц подпісаў тады ўсё ж прапусьцілі ў інтэрнат, а вось учора – не. Гэтыя выпадкі сталіся нагодай для скаргаў у пракуратуру.

Вахторка, якая не прапусьціла ўчора каманду Каваленкі, тлумачыць свае дзеяньні досьведам мінулай выбарчай кампаніі, калі насельнікі інтэрнату нібыта скардзіліся: зборшчыкі подпісаў парушаюць іх спакой. Што да цяперашніх выбараў, то…:

“Я ня чула ні пра якую выбарчую кампанію. Мне ніякіх указаньняў не было зьверху. Мы не папярэджаныя. Я інструкцыю сваю не парушала. Гэта што за перадвыбарчая такая кампанія? Чаму б агітацыю не правесьці за ўсіх кандыдатаў, якія балятуюцца, а не за аднаго?”

Паводле сябра ініцыятыўнай групы Аксаны Самойлавай, вахторка паводзіла сябе надзвычай агрэсіўна:

“Я думаю, што яна, канечне, ведае пра тое, што адбываюцца выбары. Мы ня першая ініцыятыўная група, якая наведвае гэты інтэрнат. Яна ня ведае, што ёсьць адпаведны закон, што яна яго парушае. Яна прызвычаілася па старым звычаі: сказана “не” – і ўсё. Маўляў, я тут сяджу, я маю права вас не прапусьціць, і ўсё”.

Участковы міліцыянт, якога выклікалі на дапамогу зборшчыцы подпісаў, паабяцаў разабрацца ў канфлікце.

Скаргу па першым інцыдэнце, якія адбыўся 30 ліпеня, ужо правярае пракуратура Ленінскага раёну Магілёва. Ігар Каваленка просіць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці камэнданта інтэрнату. Вахторкі ўсё ж паведамілі, што нібыта яна загадала прапускаць у інтэрнат толькі ініцыятыўную групу старшыні абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане” Ўладзімера Васіленкі. Гэта супернік Ігара Каваленкі. Што да ўчорашняга выпадку, то прэтэндэнт таксама будзе скардзіцца ў пракуратуру, акруговую ды Цэнтральную выбарчую камісію.


XS
SM
MD
LG