Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі папярэджвае афіцыйны Менск, што скасоўваць дамову на пастаўку газу небясьпечна, паведамляе Інтэрфакс.

“Кантракт падпісаны. Касаваць кантракт небясьпечна, а іншых дастаўцаў газу няма”, — заявіў А.Сурыкаў.

Паводле Сурыкава, цана на газ для Беларусі, “відавочна, вывальваецца за 200 даляраў”. “Налета цана газу будзе складаць 80% цаны на газ у Польшчы, мінус мыта на транзыт у Беларусь”, — паведаміў амбасадар.

“Сёньня 320 даляраў газ каштуе ў Польшчы. Цана на будучы год будзе вызначаная кантрактам. Мне падаецца, яна перавысіць 400 даляраў плюс далікі ў 2009 годзе, зьвязаныя з ростам ці падзеньнем цаны на нафту”, — патлумачыў А.Сурыкаў.

1 жніўня першы намесьнік старшыні ўраду Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што ў сувязі са зьменай абставінаў Беларусь і Расея павінны або разарваць ранейшую дамову аб пастаўках расейскага газу, або дапоўніць яе, каб прыйсьці да цывілізаванага рашэньня.

31 сьнежня 2006 году Беларусь падпісала з “Газпромам” пагадненьне, якое вызначае формулу цаны расейскага газу для Беларусі. Сёлета ў першым квартале цана на газ склала 119 даляраў, а да канца году мае дарасьці да 127,9 даляра за тысячу кубамэтраў.

“Калі трымацца той формулы, якая прывязана да нафтавага эквіваленту, нас можа чакаць вельмі рэзкі рост цэнаў. Бо вы ведаеце, куды скочыла цана нафты. Хто мог меркаваць?” — заявіў тады Сямашка.

Паводле чыноўніка, калі трымацца ранейшай стратэгіі, то на пачатку 2011 году Расеі давядзецца падвоіць цэны на энэрганосьбіты. А гэта для яе будзе катастрофай. Таму Расея запаволіць пераход да роўнапрыбытковасьці цэнаў на газ на ўсіх рынках.

“Таму ў нас сёньня ёсьць вельмі сур’ёзны аргумэнт: калі ўжо багатая Расея разумее, што гэта можа быць катастрафічная зьява для эканомікі, то чаму мы павінны яшчэ раз, скажам, у паўтара ці ў два разы падняць цэны? — сказаў Сямашка. — Мы спасылаемся на грамадзянскія кодэксы Беларусі і Расеі, дзе гаворыцца пра зьмену, разрыў дамовы ў сувязі зь істотнай зьменай абставінаў. Гэта ня форс-мажорныя абставіны. Гэта істотныя зьмены абставінаў, бо мы абапіраліся на расейскі прагноз пра зьніжэньне цаны нафты да 61 даляра за барэль. А мы маем 120 даляраў. Таму мы павінны сесьці за стол перамоваў: або разарваць ранейшую дамову — гэта недапушчальна, зразумела, — або зрабіць нейкія дапаўненьні да дамовы, каб прыйсьці да цывілізаванага рашэньня”, — патлумачыў У.Сямашка журналістам.

XS
SM
MD
LG