Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Таісію Кабанчук звольнілі з працы


Бабруйскую грамадзкую актывістку, прэтэндэнтку на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў Таісію Кабанчук звольнілі з працы.


Таісія Кабанчук працавала кладаўшчыцай Бабруйскага складу Баранавіцкай птушкафабрыкі. Учора кіраўніцтва птушкафабрыкі даслала факсам у Бабруйск копію загаду аб яе звальненьні за прагулы. Таісія Кабанчук не выключае, што звальненьне можа быць зьвязанае зь яе ўдзелам у выбарах.

На складзе актывістка адпрацавала паўтара года. Праблемы ў стасунках з загадчыцай Ганнай Таркан пачаліся месяц таму. Паводле Таісіі Кабанчук, загадчыца ведала, што яна актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю і балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў:

“Я ня ведаю, з чым гэта ўсё зьвязваць. Ці гэта ініцыятыва асабіста загадчыцы... Гэта ж усё робіцца прыхавана. У мяне пачаліся гэтыя ўсе праблемы, акурат як пачалася мая выбарчая кампанія, выбарчая праца. Вось яны й пачаліся, супалі якраз”.

Афіцыйна Таісію Кабанчук звольнілі за прагулы без паважных прычынаў. Так сказана ў загадзе аб звальненьні, які ўчора факсам на бабруйскі гуртавы склад даслала кіраўніцтва Баранавіцкай птушкафабрыкі. Звальненьне актывісткі сёньня пацьвердзілі і ў аддзеле кадраў прадпрыемства:

“Яна тры дні адсутнічала на працоўным месцы й не прадставіла ніякіх дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць законнасьць гэтага. Зь ёй учора размаўляла спэцыялістка аддзелу кадраў. Яна ёй патлумачыла ўсю юрыдычную форму гэтага пытаньня. Чаму звольнілі, на якіх падставах. Калі яна з гэтым не згаджаецца, мы тады стэлефануемся зь ёй”.

Таісія Кабанчук лічыць падставы звальненьня незаконнымі й вінаваціць загадчыцу складу ў правакацыйных дзеяньнях:

“Апошні месяц, калі пачаўся канфлікт, загадчыца забрала ў мяне ключы й кожны дзень казала, што на сёньня ўсё, усе сыходзім з працы. І мы сыходзім, а яна потым піша дакладныя на мяне, што я сышла з працы. У мяне ёсьць сьведкі, якія пацьвярджаюць у пісьмовай форме, што дакладныя загадчыцы не адпавядаюць рэчаіснасьці”.

На параду юрыста Таісія Кабанчук сёньня выйшла на працу. Юрыст параіў, кажа спадарыня Кабанчук, “пакуль мяне не азнаёмяць з загадам і я яго не падпішу, хадзіць на працу”. Гэтага патрабуе працоўнае заканадаўства.

Паводле Таісіі Кабанчук, загадчыца, убачыўшы яе на працоўным месцы, выклікала міліцыю:

“Міліцыянт прыйшоў, апытаў нас дзьвюх, запратакаляваў гэта ўсё й сказаў загадчыцы, што я павінна заставацца на сваім працоўным месцы, пакуль не атрымаю загаду”.

Даведацца думку загадчыцы складу пра канфлікт са сваёй падначаленай не ўдалося. Тэлефон на яе працоўным месцы цягам некалькіх гадзін не адказваў.

Таісія Кабанчук заяўляе, што на працу будзе хадзіць, пакуль не азнаёміцца з арыгіналам загаду. У аддзеле кадраў паведамілі, што загад на бабруйскі склад прывязуць неўзабаве.

Днямі Таісія Кабанчук па ўласным жаданьні выйшла са складу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Беспартыйная прэтэндэнтка на дэпутацтва ў палаце прадстаўнікоў па сьпісе “Эўрапейская Беларусь” балятуецца па Асіповіцкай выбарчай акрузе.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG