Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзельнікі: палітык і перакладчык Лявон Баршчэўскі і шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько.

Ці можна адзначыць нешта станоўчае і рацыянальнае ў тых навацыях, якія ўводзіць новая рэдакцыя афіцыйнага правапісу? Ці варта імкнуцца да ўніфікацыі розных правапісаў беларускай мовы? Ці будзе публічна ўжывацца клясычны варыянт беларускай мовы (які традыцыйна называюць “тарашкевіцай”) у 2010 годзе?

Цыганкоў: “Ці можна весьці гаворку пра ўпарадкаваньне беларускага правапісу ў рэдакцыі закону, зацьверджанай дэпутатамі і падпісаную кіраўніком дзяржавы? Ці можна нешта станоўчае адзначыць з тых навацыяў, якія ўводзіць новая рэдакцыя афіцыйнага правапісу? Ці было неабходна прыняцьцё гэтага закону?”

Закон уносіць раскол у кола беларускамоўных

Баршчэўскі
: “Гэтае пытаньне варта разглядаць у шырокім кантэксьце – кім, што і для чаго робіцца. Цяпер сытуацыя такая, што кола носьбітаў жывой беларускай мовы аб’ектыўна зьніжаецца за кошт зьмяншэньня рэальных носьбітаў – жыхароў вёскі. Новае кола ня так хутка пашыраецца, бо ёсьць адпаведная дзяржаўная палітыка.

У гэтай сытуацыі варта задаць пытаньне, ці пашыраць кола носьбітаў мовы любыя такія новаўвядзеньні? Я адназначна адказваю – не пашырыць, толькі ўздыме праблему.

Калі абстрагавацца ад гэтага, то асобныя нормы там паляпшаюць сытуацыю – напрыклад, пісаць дзЯвяты ці дзЯсяты праз “я”, шэраг нормаў у замежных словах. Але пакінутыя без увагі больш істотныя рэчы, такія як перадача “й” паміж двума галоснымі – бо беларусы заўсёды вымаўляюць прэзыдыЮм, гэтак і трэба было пісаць. Сыходзячы з гэтага, я нават не магу сказаць, што гэтыя зьмены ў лепшы бок”.

Дынько
: “Зьмены, якія закон уносіць, – нязначныя і іх няшмат. Ёсьць пазытыўныя – напрыклад, уніфікацыя напісаньня “ў”.

Але галоўнае ў гэтым законе – не лінгвістычны, а палітычны аспэкт. “Наша ніва”, “Архэ”, – гэта апошнія ў Беларусі, хто трывала і цьвёрда трымаўся клясычнага правапісу. Менавіта супраць нас гэты закон скіраваны. Дагэтуль незразумела, што рабіць выдавецтву пасьля ўступленьня закону ў сілу.

Як і задумвалі ініцыятары закону, ён уносіць раскол у кола карыстальнікаў беларускай мовы. Адны лічаць, што трэба трымацца клясычнага правапісу нават цаной пераходу выданьня ў падпольле, іншыя бачаць тут магчымасьць хай кепскага, але кампрамісу – пераходу на адзіны правапіс. Правакатары імкнуцца актыўна гэтую тэму акцэнтаваць, зачапіць, справакаваць яшчэ большыя падзелы – і гэта паказвае, што нам гэтых падзелаў трэба ўнікаць. Мая прапанова – проста ігнараваць пакуль правапіснае пытаньне і працягваць тую самую лінію, якой трымаліся нашыя выданьні апошнія 10 гадоў. Карыстальнікі аднаго правапісу лёгка чытаюць другім правапісам, і наадварот. Людзі чытаюць, напрыклад, сайт “Нашай нівы”, дзе друкуюцца матэрыялы рознымі правапісамі, і ніхто ніякага дыскамфорту ня мае”.

“Гэта скіравана на зьнішчэньне беларускай мовы, у якім бы варыянце ёю не карысталіся”

Цыганкоў: “Намер улады прыняць закон аб новых “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” выклікаў вялікую дыскусію ў грамадзтве, у тых людзей, якія не абыякавыя да статусу беларускай мовы. Бадай, найбольш горача і зацята абмяркоўвалася такое пытаньне – ці варта імкнуцца да ўніфікацыі розных правапісаў беларускай мовы, ці пакінуць усё, як ёсьць, як прапаноўвае Андрэй Дынько?”

Баршчэўскі: “У цяперашняй сытуацыі я адназначна падтрымліваю Андрэя Дынько. У незалежным грамадзтве, якое рэальна карыстаецца беларускай мовай, існаваньне двух правапісаў праблемы не выклікае.

Тут трэба мець на ўвазе, што так званая “школьная рэформа” фатальна б’е па пісьменнасьці людзей. Фактычна, у старэйшых клясах паводле тыпавога вучэбнага пляну пакідаецца адна гадзіна беларускай мовы і адна гадзіна беларускай літаратуры на тыдзень. Пісьменнасьць, і так невысокая, зьнізіцца ў некалькі разоў, а яшчэ гэтая рэформа артаграфіі... Усё гэта зроблена без уліку грамадзкасьці, гвалтам, тапорна, і ўсё гэта скіравана на зьнішчэньне беларускай мовы, у якім бы варыянце ёю ні карысталіся. Таму я адназначна за тое, што трэба пакідаць статус-кво. І вядома, што тарашкевіца не загіне ў любым выпадку, бо яна не загінула нават у савецкія часы, яе выкарыстоўвалі эмігранты. Яна перажыла тыя часы, перажыве і гэтыя”.

Цыганкоў: “Нагадаю, што паводле прынятага закону “Аб Правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі” зь верасьня 2010 году пры выкарыстаньні пісьмовай беларускай мовы трэба будзе прытрымлівацца зацьверджаных правілаў. А за адступленьне прадугледжваецца адказнасьць – пакуль невядома, якая. Ці можна зараз прадказаць, якое ўсё ж рашэньне будзе прынята тымі рэдакцыямі, якія трымаюцца клясычнага правапісу?”

“Хочаце свабоды правапісу – дабівайцеся палітычных пераменаў”

Дынько: “Ідзе актыўнае абмеркаваньне. Зьявіліся артыкулы Пятра Рудкоўскага, Сяргея Дубаўца, Зьмітра Саўкі на гэтую тэму. Рашэньне трэба будзе прымаць па сытуацыі. Не люблю дактрынэрства ў такіх пытаньнях. Мне здаецца, дактрынэрства, якое было ўласьцівае частцы беларускага нацыянальнага руху ў пасьлясавецкі час, нарабіла шмат шкоды. Трэба ісьці ад практыкі.

Чытачам і слухачам хачу сказаць – “Хочаце свабоды правапісу – дабівайцеся палітычных пераменаў”. Стала відавочна, што, як і пытаньне выжываньня беларускай культуры, так і пытаньне правапісу – палітычныя.

Другая рэч – гэта практыка. Мяне вельмі ўразіў апошні артыкул Пятра Рудкоўскага ў “Архэ”. Год таму, калі распачалася гэтая дыскусія, Пётар выступіў з гарачым артыкулам з заклікам трымацца клясычнага правапісу любым коштам. Пасьля ён пайшоў працаваць выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Папрацаваўшы год, ён піша, што ўбачыў, што на практыцы ўжываць клясічны правапіс немагчыма. Гэта выклікае блытаніну ў студэнтаў, і пры цяперашнім узроўні адукацыі і асьветы ў Беларусі – гэта нерэальна. І пасьля таго, як ён перайшоў з стану вольнага інтэлектуала ў стан практычнага інтэлектуала, Рудкоўскі вырашыў заклікаць заплюшчыць вочы на цяжкія моманты і пагадзіцца на адзіны правапіс. Гэта вельмі важнае меркаваньне, зь якім варта азнаёміцца”.

Цыганкоў: “Але ці не ўзьнікае даволі балючая дылема – заставацца з тарашкевіцай, але пры гэтым губляць чытачоў, слухачоў, губляць пэўны статус, ці ісьці ў наркамаўку, губляць пэўныя прынцыпы, але заставацца зь беларускай мовай? Ці ёсьць такая дылема?”

Баршчэўскі: “Пытаньне гэта вельмі няпростае, неадназначнае. Трэба дамагацца, каб да 2010 году ў нас былі палітычныя перамены, і тады гэтае пытаньне выйдзе з палітычнай плашчыні ў практычную. Гэта ці не адзіны шлях выхаду з гэтага тупіку. Але пакуль ёсьць легальная магчымасьць, трэба прапагандаваць клясычны правапіс, бо гэта наша спадчына, ад якой адмаўляцца мы ня можам”.

Дынько: “Не ад мяккіх знакаў залежыць лёс беларускай мовы. Але ад захаваньня культурных традыцыяў залежыць лёс культуры. У пытаньнях правапісу ад кожнага носьбіта беларускай мовы патрабуецца мудрасьць і стрыманасьць. Мы мусім рабіць так, каб аб'ём культурнай прадукцыі на беларускай мове быў як мага большы, а магчымасьці для распаўсюду гэтай культурнай прадукцыі былі як мага шырэйшыя. Гэта – супэрзадача. Усё астатняе можам прыкладаць у залежнасьці ад гэтай задачы”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG