Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва менскай міліцыі папярэдзіла сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” пра тое, што іх затрымаюць, калі яны зьбяруцца на Кастрычніцкай плошчы для правядзеньня рэгістрацыйнага зьезду.

Маладафронтаўцы зьвярталіся ў розныя структуры па арэнду памяшканьня для правядзеньня зьезду, каб зарэгістраваць сваю арганізацыю. Пасьля шэрагу адмоваў яны зьвярнуліся ў Менгарвыканкам па дазвол правесьці зьезд 10 жніўня на Кастрычніцкай плошчы.

Сёньня Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча выклікаў на размову ў ГУУС намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка. Ад іх імя на сустрэчу хадзіў Вадзім Ханяўка.

Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”:

“Было заяўлена, што калі вы сунецеся на плошчу 10 жніўня для правядзеньня зьезду, то там мы вас і спынім. Гэта ўсё было сказана ў даволі грубай форме. Калі Вадзім спытаў, чаму дзяржава не дала магчымасьці сабрацца ў нейкіх іншых месцах, не паклапацілася, каб даць памяшканьне, як таго патрабуе заканадаўства, Найдзенка адказаў, што гэта ня іхныя справы. Сказаў: “Убачу там Дашкевіча і Фінькевіча, то адправім іх туды, дзе яны павінны знаходзіцца”.

Зьміцер Дашкевіч дадаў, што днямі сябры аргкамітэту пададуць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні ўладаў. Ён заявіў, што “Малады фронт” дэманструе сваю гатоўнасьць дзейнічаць у рамках заканадаўства.
XS
SM
MD
LG