Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ вядзе допыты ў справе “лістоў ад РНЕ”


Увечары 4 жніўня прадстаўніка БХК Леаніда Сьвеціка ўжо трэці раз дапыталі па справе “лістоў ад РНЕ”

Даўшы падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, спадар Сьвецік не распавядае падрабязнасьцяў допыту. Але ён заўважыў, што дзейнасьць КДБ у гэтай справе чамусьці актывізавалася: два гады праваахоўныя ворганы адмаўляліся распачынаць крымінальную справу супраць тых, хто з 2006 году рассылае жыхарам Віцебску лісты з пагрозамі ад імя “Віцебскай філіі РНЕ”, спасылаючыся на тое, што такая арганізацыя ў Беларусі не зарэгістраваная. Але 20 траўня гэтага году зь ініцыятывы справа паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” ўсё ж была распачатая.

Апрача Леаніда Сьвеціка, цягам апошніх двух тыдняў у КДБ былі выкліканыя атрымальнікі лістоў з пагрозамі ад імя “Віцебскай філіі РНЕ”: апазыцыйныя актывісты Алена Залеская і Ян Дзяржаўцаў, а таксама загадчыца літаратурнай часткай тэатра “Лялька” Вікторыя Дашкевіч. Усе трое мусілі наведаць КДБ ужо паўторна – цягам чэрвеня іх таксама выклікалі на допыты. Былі дапытаныя і іншыя атрымальнікі лістоў – былы рэдактар газэты “Витебский курьер” Уладзімер Базан, сябры КХП БНФ Ян Таўпыга і Сяргей Каваленка, беспартыйны віцебскі актывіст Барыс Хамайда.

Што да праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, то ён трапіў на допыт у КДБ першым – яшчэ 23 траўня, пасьля таго, як у ягонай кватэры быў праведзены ператрус з канфіскацыяй оргтэхнікі. Ператрус быў праведзены на падставе таго, што спадар Сьвецік быў прызнаны сьведкам у справе “лістоў ад РНЕ”. Праваабаронца пацьвярджае, што кансультаваў тых, хто атрымліваў допісы ад імя РНЕ, – дапамагаў ім складаць заявы ў пракуратуру, каб аўтараў лістоў з пагрозамі знайшлі і пакаралі. Ён катэгарычна заяўляе, што ніякага іншыга дачыненьня да “справы РНЕ” ня меў і ня мае.
XS
SM
MD
LG