Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларуснафта” набірае спэцыялістаў у Вэнэсуэлу й Іран


Дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне “Беларуснафта” абвясьціла набор спэцыялістаў для працы ў Вэнэсуэле й Іране. Аб’явы наконт гэтага разьмешчаны на спэцыялізаваных інтэрнэт-сайтах і ў галіновых выданьнях, зарыентаваных на СНД.

Начальнік аддзелу кадраў “Беларуснафты” Васіль Герасенка паведаміў, што аб’яднаньню для працы ў Вэнэсуэле й Іране патрэбны геолягі, геафізыкі з вопытам, буравыя майстры ды іншыя адмыслоўцы. Людзі паедуць у замежжа, калі пачнецца пашырэньне працаў у гэтых краінах:

“Пакуль мы ствараем банк дадзеных, выклікаем спэцыялістаў, гутарым, ці падыходзіць яны да гэтай працы. Там у нас працуе сумеснае прадпрыемства, людзі працуюць. Але нам патрэбны рэзэрв на іх замену. Ёсьць міжнародныя кантракты ў нас, мы іх павінны забясьпечваць”.

Прэтэндэнтаў для працы ў Вэнэсуэле й Іране аб’яднаньне шукае па ўсёй Беларусі й за яе межамі. Людзі тэлефануюць і самі. Патрэбна веданьне замежнай мовы, а гэта рэдкасьць. Паводле словаў кадравіка, набралася ўжо каля трыццаці чалавек. Вытворчасьць небясьпечная, таму на ўлік бяруць мужчын ва ўзросьце да 50 гадоў. На працу адпраўляюць пакуль тэрмінам на адзін год і безь сям’і, бо ў замежжы беларускія нафтавікі яшчэ грунтоўна не атабарыліся.

Аднак, як лічыць спадар Герасенка, стымул працаваць у той жа Вэнэсуэле ёсьць:

“Заробкі там вышэйшыя. Прыкладна такія заробкі і ў Расеі ў нафтавых кампаніях. Нам і тут, у Беларусі, патрэбны спэцыялісты. Сёлета мы толькі маладых спэцыялістаў узялі 60 чалавек”.

Беларуска-вэнэсуэльскае сумеснае прадпрыемства па здабычы нафты было створанае ў сьнежні 2007 году. Цяпер гэтае прадпрыемства працуе на радовішчах Гуара Эстэ й Лагамэдзі ў Вэнэсуэле. Паводле інфармацыі “Беларуснафты”, сёлета там плянуецца здабыць каля 700 тысяч тон сыравіны. Апрача таго спэцыялісты “Беларуснафты” сумесна з кампаніяй PEDCO вядуць выведку нетраў і ў Іране, на радовішчы Джуфэйр.
XS
SM
MD
LG