Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад вэтэранкі патрабуюць дэклярацыю аб даходах


Сёньня камітэт фінансавых расьсьледаваньняў абавязаў маці старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці за тры апошнія гады.

Марыі Рыгораўне 89 гадоў, яна вэтэран вайны й даўно на пэнсіі.
У камітэт фінансавых расьсьледаваньняў Марыю Рыгораўну ўчора выклікалі позвай як сьведку. Сёньня разам зь ёй у камітэт пайшоў і яе сын Уладзімер Шанцаў:
“Прыйшлі туды, а там кажуць: “Вы павінны падаць дэклярацыю аб даходах за апошнія тры гады”. Тады я запытаўся: “Чаму вы выклікаеце чалавека як сьведку, а яна ў вас аказваецца падазраванай, і пры гэтым патрабуеце дэклярацыю аб даходах?” Мне адказваюць: “Яна сьведка па сваёй справе”.
Паводле Ўладзімера Шанцава, інспэктар Максім Сакалоў так і не сказаў, па якой справе праходзіць сьведкай Марыя Рыгораўна.
Уладзімер Шанцаў ня ўдзельнічае ў сёлетняй выбарчай кампаніі, аднак выклік сваёй маці ў камітэт фінансавых расьсьледаваньняў зьвязвае менавіта з выбарамі:
“Гэта псыхічная атака перад выбарамі, каб прадухіліць любыя спробы Шанцава некуды балятавацца. І ня толькі каб Шанцаў, але і яго бліжэйшае атачэньне адсекчы, каб не дапамагалі. Гэта дужа моцны сродак запалохаць сваякоў. Я ўяўляю, што пра мяне пачынаюць думаць мае дзеці, якія займаюцца бізнэсам”.
Самога Ўладзімера Шанцава камітэт таксама абавязаў падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці. У камітэт яго выклікалі 30 ліпеня.
Інспэктар Максім Сакалоў адмовіўся камэнтаваць справы спадара Шанцава і ягонай маці.
XS
SM
MD
LG