Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З расейскай пашчы тырчаць толькі беларускія лапкі”


Агляд тэлефанаваньняў за 5 жніўня, аўторак.


Пачнем выпуск з водгукаў на сьмерць Аляксандра Салжаніцына. Вядомы расейскі пісьменьнік памёр 4 жніўня на 90-м годзе жыцьця.

Спадар: “Пайшоў з жыцьця чалавек, вобразна кажучы, сымбаль Расеі — Аляксандар Ісаевіч Салжаніцын. Ён такі ж сымбаль эпохі, як і акадэмік Сахараў. Ведаеце, будзе іх не хапаць. Сумна. Больш за стагодзьдзе ў Расеі ідзе вялікая смута. Калі перафразаваць апошні сказ з апавяданьня “Адзін дзень з жыцьця Івана Дзянісавіча”, прайшло трыста шэсьць тысяч пяцьсот дзён і начэй, а колькі яшчэ Расея будзе жыць у хлусьні?”

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Я вельмі спачуваю родным і блізкім. Я ведаю цану гэтаму чалавеку. Гэта адзінае сьвятло ў тым стагодзьдзі, якое раскрыла ўсю чарнату.

Уся краіна нібы змрочны нейкі лягер,
Дзе рабоў даўно зламаны гвалтам лёс,
Дзе адзін вялікі “кормчы,” нібы фраер,
А за ім яго браткі, што бягуць крос.

Намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Сямашка заявіў 1 жніўня, што Беларусь будзе настойваць на пераглядзе дамовы пра цану на газ.

4 жніўня кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін папрасіў расейскага міністра фінансаў падрыхтаваць дакумэнты да сустрэчы зь Сяргеем Сідорскім, які ачольвае Савет міністраў Беларусі. “Трэба і па энэргетыцы паглядзець, і па фінансавых адносінах”, — паведаміў спадар Пуцін. Ён дадаў, што “прапрацоўвацца пытаньне дадатковага крэдыту для нашых калегаў”.

Наша сталая слухачка Галіна з Магілёва разважае пра беларуска-расейскія стасункі.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Прашу прабачэньня за тое, што не магу падабраць мякчэйшых словаў, каб выказаць сваё меркаваньне. Ня ведаю, пра якую незалежную дзяржаву ў адносінах да Беларусі ўвесь час ідзе гаворка практычна ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. У асобе Лукашэнкі Расея даўно праглынула галаву Беларусі, жуе і глытае яе цела, якое ўрад Беларусі сам пхае ў горла Расеі. Так што з расейскай пашчы тырчаць пакуль толькі беларускія лапкі, якія тая можа праглынуць у любы момант. Незалежная, вольная Беларусь у асобе Аляксандра Казуліна знаходзіцца за кратамі турмы-калёніі Віцьба-3”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG