Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэлап: цікавасьць да расейскай мовы расьце


Апытаньні, праведзеныя Гэлапам, сусьветна вядомай службай дасьледаваньня грамадзкай думкі, на постсавецкай тэрыторыі паказваюць, што ў былых савецкіх рэспубліках расьце цікавасьць да вывучэньня расейскай мовы.

У 2006 і 2007 гг. Гэлап паставіў рэспандэнтам у постсавецкіх краінах наступнае пытаньне: „Наколькі важнае для вас тое, каб вашы дзеці ў гэтай краіне вывучалі расейскую мову?” Можна было выбраць адзін зь пяці варыянтаў адказу: 1) ня ведаю/не хачу адказваць; 2) зусім няважнае; 3) ня вельмі важнае; 4) даволі важнае; 5) вельмі важнае.

Вынікі аказаліся даволі цікавыя. Напрыклад, нягледзячы на працяглую напружанасьць у стасунках паміж Грузіяй і Расеяй, 64 адсоткі грузінскіх рэспандэнтаў адказалі, што „вельмі важна” (год таму такіх рэспандэнтаў набралася 43 адсоткі).

Павышаную цікавасьць да вывучэньня расейскай мовы Гэлап адзначыў таксама ў Малдове і Армэніі. У 2007 г. 39 адсоткаў малдаванаў і 75 адсоткаў армянаў палічылі вывучэньне расейскай мовы сваімі дзецьмі „вельмі важным” (адпаведныя паказьнікі для гэтых краінаў у 2006 г. былі 27 адсоткаў і 73 адсоткі).

Адначасова апытаньне Гэлапа выявіла, што ў бальшыні краінаў рэспандэнты карыстаюцца нацыянальнай мовай ахвотней, чым расейскай. Для правядзеньня самога апытаньня толькі рэспандэнты ў Беларусі, Украіне і Казахстане ў пераважнай большасьці выбралі расейскую (Беларусь — 92 адсоткі расейскую і 8 адсоткаў беларускую; Украіна — 83 адсоткі расейскую і 17 адсоткаў украінскую; Казахстан — 68 адсоткаў расейскую і 32 адсоткі казахскую). У падсумаваньні гэтых вынікаў Гэлап прыгадвае, што на былой савецкай тэрыторыі расейская мова па-за Расеяй мае афіцыйны статус у Беларусі, Казахстане і Кіргызстане. У Малдове, Украіне і Таджыкістане расейская мае статус „мовы міжэтнічных зносін”.

Апытаньні Гэлапа ў 2006 і 2007 гг. праводзіліся сярод прыблізна 1000 рэспандэнтаў, старэйшых за 15 гадоў, у кожнай краіне мэтадам беспасярэдняга кантакту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG