Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першыя спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся яшчэ сто гадоў таму Эдвардам Будзькам, Баляславам Пачопкам, Антонам Луцкевічам, Янкам Станкевічам і Рудольфам Абіхтам.


Аднак першым завершаным варыянтам гэтае працы навукоўцы лічаць выдадзеную ў 1918 годзе “Беларускую граматыку для школ” Браніслава Тарашкевіча.

У 1926 годзе ў Менску адбылася міжнародная акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу й азбукі, аднак ніякіх нарматыўных дакумэнтаў на ёй прынята не было.

Створаная праз год адмысловая Правапісная камісія пад старшынствам акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча прапанавала ў 1930-м свой праект, але давесьці да канца працу ня здолела, бо пяць з васьмі сяброў камісіі былі неўзабаве абвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне і рэпрэсаваныя.

На пачатку 30-х новая група навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства Беларускае акадэміі навук пазбаўляла ад “нацдэмаўшчыны” працу сваіх калег. Але з пастаўленай палітычнай задачай група ня справілася, і ўлады ўзялі далейшую працу навукоўцаў пад свой поўны кантроль.

28 жніўня 1933 году газэта “Зьвязда” надрукавала пастанову Савету народных камісараў БССР “Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу”. 9 сьнежня таго ж году ў “Зьвязьдзе” была надрукаваная пастанова СНК БССР “Аб дадатках і папраўках да пастановы СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса”. Гэтымі заканадаўчымі актамі і была праведзеная рэформа беларускага правапісу. Правапісны варыянт 1933 году атрымаў пазьней назву “наркамаўка”.

На пачатку 50-х былі зробленыя спробы далейшага правапіснага ўнармаваньня. У 1951 годзе быў надрукаваны “Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу”. З пэўнымі зьменамі ён быў зацьверджаны пастановаю Савету міністраў БССР 11 траўня 1957 году. На падставе гэтае пастановы ў Акадэміі навук БССР быў распрацаваны поўны звод правілаў беларускае арфаграфіі і пунктуацыі. Яны былі выдадзеныя кніжкаю ў 1959 годзе. Паводле падручнікаў, якія грунтуюцца на гэтых правілах, беларускія дзеці вучацца і да сёньня.

З абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі пачалі выдавацца пэрыёдыкі і кнігі, напісаныя дарэформавым ці клясычным правапісам, званым таксама “тарашкевіцаю”. Моўная праблема зноў пачала актыўна абмяркоўвацца. Паводле пастановы Савету міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы” ад 17 жніўня 1993 году была створаная адмысловая дзяржаўная камісія. Праз год, пасьля кардынальнае зьмены палітычнае сытуацыі ў краіне, гэтая камісія палічыла сваю працу немэтазгоднаю.

Ад другой паловы 1990-х група навукоўцаў на чале з тагачасным дырэктарам акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства Аляксандрам Падлужным падрыхтавала тры варыянты праекту зьменаў у правапісе. У 2003 г. другі з гэтых варыянтаў быў перададзены на разгляд у Адміністрацыю прэзыдэнта. Ён і лёг у аснову падпісанага прэзыдэнтам 23 ліпеня гэтага году закону “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

XS
SM
MD
LG