Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Telepolis: “Летні распродаж у “апошняй дыктатуры Эўропы”


“Беларускі ўрад паскарае сваю вялізную праграму прыватызацыі, пры гэтым аўтарытарная дзяржаўная структура застаецца некранутай”, — піша нямецкае аналітычнае інтэрнэт-выданьне Telepolis.


“Цягам апошніх месяцаў кіраўніцтва Беларусі ўзяло радыкальны курс на эканамічныя перамены… Беларусь, аднак, — адзіная постсавецкая краіна, дзе дамінуе дзяржаўная форма эканамічнай уласнасьці і дзе алігархіі накшталт расейскай, утворанай дзякуючы “дзікай” прыватызацыі, проста не існуе. Доля прыватнага сэктару ў валавым нацыянальным прадукце гэтай усходнеэўрапейскай краіны складае прыкладна 25%, а маёмасьць найбагацейшых беларусаў вымяраецца ў мільёнах, а не ў мільярдах даляраў”.

Як піша нямецкае выданьне, “беларускія ўлады запэўніваюць, што працэс прыватызацыі пройдзе паступова, упарадкавана, і гэта дапаможа прадухіліць дзікую і непрадказальную прыватызацыю”. У сваю чаргу, “дырэктары беларускіх прадпрыемстваў пабойваюцца, што расейскія капіталісты скупяць у краіне ўсё”.

Тым часам як Крэмль бачыць у Беларусі, зь яе цяперашняй вялікай фінансавай залежнасьцю ад Масквы, расейскую правінцыю і спадзяецца ў канчатковым выніку на “саюз”, Лукашэнка, паводле нямецкіх аналітыкаў, імкнецца, наадварот, прадухіліць падобны сцэнар. Таму, піша Telepolis, “заходні капітал таксама мае неблагія шанцы на асваеньне гэтай апошняй постсацыялістычнай “Terra incognita” ва Ўсходняй Эўропе”. Беларускаму ўраду важна мець заходнія інвэстыцыі як процівагу расейскаму ўплыву.

Паводле нямецкага выданьня, “капіталізм цалкам можа суіснаваць з аўтарытарнымі структурамі”. Падобнае назіраецца ў Кітаі і шэрагу іншых краін. Зразумела, у найвялікшым мінусе ад спозьненай сыстэмнай трансфармацыі ізноў апынецца насельніцтва, якое ў Беларусі можа рыхтавацца да працэсу масавага зьбядненьня.

XS
SM
MD
LG