Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямнаццаць істотных зьмен у новай рэдакцыі правілаў


З дваццаці дзьвюх “главаў” новай рэдакцыі “Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі” распрацоўшчыкі вылучылі сямнаццаць найбольш істотных зьменаў.

Пераважна яны тычацца напісаньня іншамоўных слоў. Але ня толькі.

Па-першае, “Правілы...” пашыраюць прынцып перадачы аканьня ў словах іншамоўнага паходжаньня і прапануюць, да прыкладу, пісаць “адажыа”, трыа”, “сальфеджыа” замест цяперашняга напісаньня гэтых слоў з “о” на канцы.

Па-другое, у словах іншамоўнага паходжаньня, акрамя імёнаў уласных, згодна з тым жа прынцыпам аканьня канцы асноваў -эр і -эль прапанавана замяніць на -ар і -аль і пісаць не “камп’ютэр” і “пэйджэр”, а “камп’ютар” і “пэйджар”.

Трэцюю групу адрозьненьняў складае распаўсюджаньне правіла напісаньня літары “я” ў першым пераднаціскным складзе ў словах “дзявяты”, “дзясяты”, “сямнаццаць” і “васямнаццаць”. Згодна зь дзейнымі правіламі гэтыя словы пішуцца зь літарай “е”.

У чацьверты пункт аб’яднаныя зьмены ў напісаньні складанаскарочаных слоў, якія прыйшлі ў беларускую мову пасьля кастрычніцкага перавароту. Напрыклад, “прафкам”, “гаркам”, “абкам”, “селькар”, “газпрам”, якія да гэтага трэба было пісаць праз “о” ў другой частцы слова.

Пяты пункт уніфікуе напісаньне прыметнікаў на “-скі”, якія ўтвораныя ад уласных назваў. Калі да гэтага “чаньчуньскі” і “цяньшаньскі” пісаліся зь мяккім знакам перад “-ск”, а “любанскі” і “астраханскі” — бязь мяккага знаку, то цяпер усе гэтыя прыметнікі павінны пісацца аднолькава — безь зьмякчэньня.

Напісаньне “ў” нескладовага пасьля галосных пашыраецца на словы іншамоўнага паходжаньня. Да прыкладу, “скончыўшы ўніверсітэт” ці “некалькі ўнікальных рэчаў”.

Асобным пунктам упарадкоўваецца напісаньне вялікай і малой літараў у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асобаў паводле пасадаў, званьняў, тытулаў і да т.п. Цяпер, да прыкладу, трэба будзе пісаць “Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь”, “Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, “Кіраўнік Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”, “Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі”.

У правілы ўводзіцца таксама новы параграф “Вялікая і малая літара ў назвах асоб, зьвязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў”. Згодна зь ім, зь вялікай літары трэба пісаць “Бог”, “Яхве”, “Усявышні”, “Уладыка Нябесны”, “Святая Тройца” ...

Рэглямэнтуецца напісаньне гукавога спалучэньня “й+галосны” на пачатку і ў сярэдзіне іншамоўных словаў. Яно перадаецца на пісьме цяпер, як і ва ўласнабеларускіх словах, празь ётаваныя галосныя. Прыкладам, “ёркшырскі” ці “Нью-Ёрк”.

Уведзены яшчэ шэраг новых рэглямэнтацыяў, а некаторыя разьдзелы выключаныя ці па-новаму згрупаваныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG