Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб мэдыях падпісаны


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб сродках масавай інфармацыі.


Перад прыняцьцем закону ў Палаце прадстаўнікоў Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала свае заўвагі і прапановы. Яны былі накіраваныя дэпутатам. Журналісты выказалі засьцярогу, што новы закон уводзіць дадатковыя абмежаваньні для дзейнасьці мэдыяў. Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец назваў асобныя рэпрэсіўныя палажэньні:

Першае. Патрабаваньне перарэгістрацыі СМІ нават пры зьмене юрыдычнага адрасу. Гэта звычайны працэс, калі тыя рэдакцыі, якія ня маюць свайго памяшканьня, пераяжджаюць з месца на месца, і часам робяць гэта вымушана. Які сэнс кожны раз па новай праходзіць працэдуру рэгістрацыі?

Другое. Закрыцьцё СМІ магчымае нават пасьля аднаго парушэньня паводле патрабаваньня Мінінфармацыі ці пракуратуры. Пры гэтым пералік парушэньняў, якія цягнуць за сабой закрыцьцё газэты, неабмежаваны: раней ён абмяжоўваўся 5-м артыкулам закону аб СМІ.

Трэцяе. Абмяжоўваецца магчымасьць вызваленьня рэдакцыі ад адказнасьці за перадрукоўку ці разьмяшчэньне інфармацыі агенцтваў.

Чацьвёртае. Спроба ўрэгуляваньня інтэрнэту. Пры гэтым такое права ў законе перадаецца ўраду, падзаконным актам. Фактычна інтэрнэт-рэсурсы разглядаюцца як СМІ, пры гэтым незразумела, якія зь іх будуць лічыцца СМІ”.

Шэраг міжнародных арганізацый зьвярталіся да беларускіх уладаў з заклікам устрымацца ад прыняцьця гэтага дакумэнта.Сярод іх — прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЭ Міклаш Харашці, дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, Міжнародная кампанія за свабоду слова «Article19», «Рэпартэры бязь межаў», фундацыя «Дом правоў чалавека» (Нарвэгія), Дацкі Саюз журналістаў і іншыя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG