Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Бывае так – дажывае свае дні вельмі стары чалавек, ужо і ня робіць, ня піша амаль нічога, ці выходзіць з-пад ягонага пяра нешта зусім недарэчнае і часу неадпаведнае. Ягонае слава, валадараньне думамі – далёка ў мінулым. А памірае ён – і нешта сканчаецца, ставіцца нейкая кропка і час дзеліцца на “пры ім” і “пасьля яго”.

Тады гавораць – вялікі чалавек.

Ну а што гэта такое, у чым сакрэт гэтай велічы? У мастацтве, скажам, “Калымскія апавяданьні” Варлама Шаламава – рэч куды больш моцная, чым “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” ці “Ракавы корпус”. Дакумэнтальных сьведчаньняў, фактаў, выкрываньняў жахлівай машыны камуністычнага тэрору было багата і да “Архіпэлягу”, а яшчэ больш зьявілася пасьля.

Дык чаму ж? Чаму ж бомбай, якая адкрыла вочы мільёнам, стаў менавіта “Адзін дзень”, чаму кніжкі “Нового мира” з аповесьцю нікому тады невядомага аўтара раздавалі дэлегатам чарговага партзьезду? Чаму другім, нават больш глыбокім, і ўжо ўсясьветным, шокам стаў “Архіпэляг”, чаму, скажам, францускія мысьляры, што змагаліся ў 1970-х супраць “чырвані” , называлі сябе “дзецьмі Салжаніцына”?

Чаму ўся савецкая дзяржаўная машына плянавала і вяла змаганьне з былым зэкам, з асобным чалавекам, як вайну зь вялікай дзяржавай? Супаў з часам, патрапіў у каньюнктуру, кажучы ўжо зусім па-блюзьнерску?

Ну, і так, і не. Яшчэ раз паўтаруся – фактычна і сваімі мастацкімі творамі, і сваім “Архіпэлягам” Салжаніцын не сказаў нічога новага. Сакрэт, загадка – у тым, як сказаў. І хто сказаў.

У Салжаніцына ў ягоным “Кругу” ёсьць маленькае ўстаўное эсэ пра таямніцу асобы. Чаму часам уваходзіць у пакой, поўны людзей, чалавек, сядзіць моўчкі, але ўся ўвага – да яго? Чаму ўсемагутны ўладар спыняецца перад поглядам свайго апошняга нявольніка, якога можа сьцерці ў пыл рухам пальца?

Вось і быў сам Салжаніцын такой асобай. І ад камяня, які гэты Давід урубіў у лоб камуністычнаму Галіяфу, у рэшце рэшт той Галіяф і сканаў.

Ну а зараз – пра памылкі. А як жа бяз гэтага? Усе ж мы вучыліся ў савецкіх школах, памятаем, як трэба адказваць: скажам, Герцэн не разумеў, а мы, савецкія піянэры, разумеем.... Адтуль і вульгарны сацыялягізм – ці адстойваў *** у сваіх творах правую справу пралетарыяту (нацыянальнага вызваленьня, дэмакратыі, дзяржаўнай велічы, патрэбнае падкрэсьліць), ці наадварот – стаяў на баку рэакцыі, і тады пра якую веліч можа ісьці гаворка?

Ну, а калі не абмяжоўвацца піянэрскай рацыяй, то мастацтва ня зводзіцца да палітыкі. Веліч Кіплінга не закрэсьліваецца ягоным імпэрыялізмам, і, скажам, ягонае “White’s Man Burden”, прысьвечанае, дарэчы, амэрыканскай анэксіі Філіпінаў – гімн маласымпатычнай філязофіі і палітыцы, але ж гімн вялікі.

У вялікіх і памылкі вялікія. Чаму? Ну хаця б таму, што вялікія ідуць далей за іншых, да каранёў, да праўды абранага імі накірунку. І хіба ў тым, што мы лічым памылкай ці аблудай, няма ніякай праўды? Хіба не прадбачыў Салжаніцын у сваёй палкай кансэрватыўнай крытыцы Захаду ў Гарвардзкай лекцыі тыя праблемы і пасткі, ад якіх сапраўды і сёньня пакутуе Захад? Хіба ў яго “Абразаваншчыне” нельга знайсьці тлумачэньня прычынаў краху цяперашняга расейскага лібэралізму?

А да таго ж, памылкі вялікіх – урок нам, маленькім. Шмат напісана пра тое, як не атрымалася па вялікім рахунку вяртаньне Салжаніцына ў Расею, што прыехаў ён, чужы, у чужую для яго краіну, у краіну, дзе ўсё пайшло ня так, як ён марыў і за што змагаўся. Ну, мы ж, савецкія піянэры... А вось ня будзем сьпяшацца. Жыцьцё пакажа, наколькі сваімі будзем мы ў той краіне, аб якой марым і за якую змагаемся.

Быў Салжаніцын са сваім зьдзяйсьненьнямі і прароцтвамі, памылкамі і аблудамі, своеасаблівай маральнай і інтэлектуальнай кропкай адліку. Сышоў хіба не апошні вялікі чалавек ХХ стагодьдзя, скончылася эпоха, сьцёрлася кропка. Самотна безь вялікіх.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG