Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і палітычны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Як можна ацаніць абраньне Анатоля Ляўковіча замест Аляксандра Казуліна на пасаду старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)? Як гэтае рашэньне паўплывае на беларускую палітычную карціну? Ці зьменіцца палітычная пэрспэктыва самога Аляксандра Казуліна?

Цыганкоў: “Трэцяга жніўня ў Менску адбыўся пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Зьезд плянаваўся як тэхнічны, але ў выніку на ім быў зьменены старшыня партыі — замест Аляксандра Казуліна ім стаў Анатоль Ляўковіч. Вельмі рэзкую ацэнку гэтаму рашэньню дала дачка Казуліна Вольга. Яна лічыць, што зьезд ня меў маральнага права пераабіраць Казуліна, прынамсі таму, што “ён сядзіць у турме, сядзіць за ўсіх нас”. Якую б вы далі ацэнку таму, што адбылося ў нядзелю — ацэнку маральную і палітычную?”

“Фактычна, Казулін сам справакаваў гэтую сытуацыю...”

Калінкіна
: “Я думаю, што дэлегаты зьезду паспрабавалі неяк выйсьці зь вельмі складанай сытуацыі. Бо пастаноўкі пытаньня пра кіраўніцтва партыі патрабаваў сам Аляксандар Казулін. Але ён да прэзыдэнцкіх выбараў не пасьпеў стварыць партыю — фактычна, ён займаўся стварэньнем свайго руху, а партыяй кіраваў Анатоль Ляўковіч. Пазыцыі Казуліна ў партыі былі ня вельмі моцнымі.

Мяркую, што Казулін, які знаходзіцца ў калёніі і з гэтай прычыны ня мае такой поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца, сам справакаваў гэтую сытуацыю, як ні шкада пра гэта казаць. Вынік зьезду сьведчыць пра тое, што ў Аляксандра Казуліна, Вольгі Казулінай не такія моцныя пазыцыі ў партыі, як гэта здавалася раней”.

Быкоўскі: “Канфлікт насьпяваў даўно. Партыя, у свой час аб’ядноўваючыся “пад Казуліна”, ужо закладала канфлікт. Бо першапачаткова гэтая партыя, калі аналізаваць яе прыроду, была інтэлігенцкага кшталту, стрымана-нацыяналістычная. Казулін меў крышачку іншыя ідэалягічныя погляды, больш успрымаўся як чалавек, які можа кантактаваць з Расеяй.

Паколькі, як слушна адзначыла Сьвятлана, Казулін, перад тым як трапіў за краты, не пасьпеў рэальна паўдзельнічаць у стварэньні партыі, то з калёніі ён кіраваў празь лісты. Можна ўзгадаць выпадак, калі перад сьмерцю ягонай жонкі Ірыны якраз быў ліст Казуліна з калёніі, дзе ён патрабаваў зьмены кіраўніцтва партыі. Тады канфліктная сытуацыя забылася з-за сьмерці Ірыны. Але паказальна, што Ляўковіч ды іншыя кіраўнікі партыі тады паставілі пад сумнеў зьмест гэтага ліста. Толькі прысутнасьць на волі на некаторы час самога Казуліна дала магчымасьць партыйцам вызначыць пазыцыі, і канфлікт быў уладжаны.

Але канфлікт узьнік зноў, бо Казулін рэальна ня мае магчымасьці кантраляваць сытуацыю, ня мае ўсёй інфармацыі пра тое, што адбываецца ў партыі. Фактычна, Ляўковіч ды іншыя мелі некаторыя падставы сумнявацца ў тым, што дачка Казуліна і Ігар Рынкевіч гаварылі ад імя Казуліна. Таму гэты канфлікт нарастаў, што і прывяло да такой разьвязкі на зьезьдзе.

Для самой партыі шмат у чым гэтая сытуацыя будзе карыснай, бо ня будзе цяпер падвойнага кіраўніцтва, ня будзе існаваць пытаньня, хто першы дастукаўся да Казуліна, хто першы данёс да яго інфармацыю”.

“У партыі было двоеўладзьдзе”

Цыганкоў: “Міжволі вымалёўваецца такая гісторыя ўзаемаадносін партыі і Аляксандра Казуліна — ён быў патрэбны партыі, пакуль быў кандыдатам у прэзыдэнты. Але як палітычны зьняволены ён ім не патрэбны?”

Быкоўскі: “Не зусім так. Казулін застаецца патрэбны партыі. Але партыя паспрабавала яго адсунуць ад прыняцьця некаторых выканаўчых рашэньняў, якія неабходна выконваць. Бо лідэр, які знаходзіцца ў зьняволеньні — у прынцыпе ня можа хутка рэагаваць. Таму фактычна ў партыі было двоеўладзьдзе — Казулін у калёніі і Ляўковіч на волі. У некаторых пытаньнях яны маглі прымаць супрацьлеглыя рашэньні — і гэта дакладна не ішло на карысьць. З улікам таго, што ў партыі ёсьць фракцыя Ігара Рынкевіча — Вольгі Казулінай, якія незадаволеныя Анатолем Ляўковічам, — то гэтае варагаваньне паміж фракцыямі апошнім часам набыло вельмі гарачае адценьне.

Казулін застаўся ганаровым старшынём партыі, і партыя будзе казаць пра яго як пра свайго сябра, які знаходзіцца за кратамі. І партыя будзе імкнуцца выкарыстоўваць ягоны статус, як яна рабіла гэта і раней”.

Цыганкоў: “Які ўплыў гэтае рашэньне будзе мець на беларускую палітычную палітру? Ці аслабіцца статус БСДП (Г) унутры кааліцыі дэмакратычных сілаў?”

“Казулін застаецца маральным лідэрам кааліцыі”

Калінкіна: “Я думаю, што ў першую чаргу рашэньне зьезду будзе мець наступствы для самой партыі, бо астудзіць гарачыя галовы з таго і зь іншага боку. Што да дэмакратычнай кааліцыі, то, як мне здаецца, Аляксандар Казулін застаецца яе маральным лідэрам, чалавекам, які найбольш вядомы сярод усіх сёньняшніх палітычных лідэраў. Таму незалежна ад статусу ён па-ранейшаму будзе захоўваць гэтую маральную пасаду.

Я ня бачу вялікай бяды для ягонай асабістай палітычнай кар’еры. Па-першае, калі Аляксандар Казулін нейкім чынам (па амністыі, ці пад ціскам Захаду, ці пад ціскам беларускага грамадзтва) будзе вызвалены, то яго прысутнасьць можа шмат што зьмяніць у самой партыі. Па-другое, няма нічога дзіўнага, калі беспартыйныя лідэры ўзначальваюць нейкія рухі зь нейкіх структураў, і прыклад таму — Аляксандар Мілінкевіч”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, як зьменіцца палітычная будучыня самога Аляксандра Казуліна ў выніку ўчорашняга рашэньня? Так ці іначай, на сёньняшні дзень ён застаецца палітычным зьняволеным, былым кандыдатам у прэзыдэнты. Але як зьмяняюцца ягоныя палітычныя пэрспэктывы ад таго, што ён ужо не кіраўнік партыі?”

Быкоўскі: “Я ня думаю, што прынцыпова нешта для Казуліна зьмяняецца ў гэтай сытуацыі. У выбарчай кампаніі раней ён фактычна выкарыстоўваў ня партыю, а шырэйшыя структуры, якія спрабаваў стварыць на той час. Што да ягонага статусу, то былы кандыдат у прэзыдэнты, які быў у калёніі, мае і так ужо вялікі статус. Таму, калі ён выйдзе на волю, гэта ня будзе мець вялікага значэньня — ці ёсьць ён яшчэ і кіраўніком партыі.

Калі б яго выключылі з партыі, гэта магло б нешта зьмяніць у ягоным успрыманьні. Але Казулін застаецца ганаровым старшынём партыі, сябрам партыі — таму, на мой погляд, нічога не мяняецца”.

Калінкіна: “Я мяркую, што ў любым выпадку ў статусе ганаровага старшыні Казулін застаецца чалавекам, які адыграе не апошнюю ролю ў дзейнасьці партыі. Канфлікт, які адбыўся, я думаю, у большай ступені зьвязаны з тым, што маладыя сябры партыі (Вольга Казуліна, Алег Воўчак, Ларыса Міхайлоўская) і былыя кіраўнікі партыі, якія былі ў пэўным сэнсе адсунутыя ад кіраваньня, вырашылі ўзмацніць свае пазыцыі.

Я думаю, што дэлегаты зьезду ў большай ступені галасавалі ня супраць Аляксандра Казуліна, а супраць гэтай маладой каманды. Мяркую, што зьяўленьне самога Казуліна і ягоныя дзеяньні — адэкватныя, уцямныя, — могуць зьмяніць сытуацыю ў любы момант. Бо ён застаўся фігурай, якая была па-за канфліктам. Бо з кім я ні размаўляла зь сябраў партыі — яны ўсе кажуць, што Казулін атрымліваў ня тую інфармацыю, якая адпавядала рэчаіснасьці, і — “рабіць з гэтым мы нічога ня можам”. Наколькі я ведаю, Казулін не ліставаўся, не кантактаваў ні з кім са сваіх намесьнікаў. Гэта не магло не прывесьці да нейкай такой надзвычайнай сытуацыі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG