Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя запалохвае аршанскага праваабаронцу


Праваабаронцу Алега Граблеўскага ўжо два тыдні міліцыянты шукаюць праз тэлефон і на кватэры ягоных бацькоў, аднак выпісаць позву на допыт адмаўляюцца.

Паводле спадара Граблеўскага, апошні тэлефонны званок да яго быў сёньня: невядомы мужчына, які прадставіўся маёрам Цынгалёвым з крымінальнага вышуку, запрасіў праваабаронцу на гутарку пра менскі выбух у ноч на 4 ліпеня. Калі Алег Граблеўскі чарговы раз адмовіўся ісьці ў міліцыю бяз позвы, невядомы прыгразіў, што ў такім выпадку па яго прыедуць зь Віцебскай абласной управы КДБ і пратрымаюць тыдні два пад арыштам.

Праваабаронца яшчэ раз абгрунтаваў сваё пазыцыю: ён ня пойдзе на допыт бяз позвы, бо толькі яна можа стаць дакумэнтальнай падставай для патрабаваньня прысутнасьці адваката на допыце. Да таго ж, у яго няма даверу да прадстаўнікоў міліцыі, якія імкнуцца дзейнічаць неафіцыйнымі мэтадамі.

Алег Граблеўскі паведаміў, што быў 3 ліпеня ў Менску па асабістых справах, аднак увечары зьехаў дадому ў Воршу.
XS
SM
MD
LG