Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Салжаніцын і Беларусь


Васіль Быкаў і Аляксандар Салжаніцын, 1967 г.

Васіль Быкаў і Аляксандар Салжаніцын, 1967 г.

Чым быў зьвязаны Салжаніцын зь Беларусьсю?

Бацькі Аляксандра Салжаніцына вянчаліся ў Беларусі. У 1944-м ён камандзірам батарэі ваяваў пад Рагачовам. А зь сярэдзіны 60-х сябраваў з Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам....

Нумар “Нового мира” з “Адным днём Івана Дзянісавіча” стаяў у “Ленінцы” на паліцы гэтак званага вольнага доступу, таму замаўляць яго з кнігасховішча цэнтральнае бібліятэкі рэспублікі і чакаць некалькі гадзін, пакуль прынясуць, ня трэба было. Але чакаць даводзілася доўга, седзячы побач з пазначанай паліцай, і пільнуючы, каб нехта паставіў на месца зашмальцаваны часопіс. Такіх чакальнікаў між першакурсьнікаў нашага гістфаку было ў 1970-м і 1971-м няшмат. І яны маленькай купкай моўчкі сядзелі ў 1973-м на агульным факультэцкім сходзе, слухаючы, як тыя, хто аўтара “Аднаго дня...” не чытаў, патасна яго бэсьцілі. Той сход канчаткова разьмежаваў наш дружны курс, і пасьля заканчэньня вучобы мы ніколі больш не сустракаліся.

Праўду пра краіну, у якой жылі, ведаць з вуснаў Аляксандра Салжаніцына ў Беларусі хацелі ня многія. Нават у творчых, навуковых колах пераважала думка пра яго як пра ачарняльніка сьветлае савецкае рэчаіснасьці. Калі ён зьвярнуўся зь лістом да 4 зьезду савецкіх пісьменьнікаў з заклікам скасаваць цэнзуру і рэабілітаваць рэпрэсаваных аўтараў, то зь беларускае дэлегацыі яго падтрымалі толькі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. Гэты факт стаўся падставаю для далейшае перапіскі і сяброўства на ўсё жыцьцё – хоць улада і падставіла імя Быкава пад лістом з асуджэньнем Салжаніцына, праз што Быкаў пакутаваў да канца дзён...

Творы Аляксандра Салжаніцына на беларускую мову не перакладаліся, калі не лічыць аднаго невялікага апавяданьня, якое перакладзена Лявонам Баршчэўскім і зьмешчана ў аўтарскім школьным падручніку “Беларуская літаратура і сьвет”. У арыгінале кнігі Салжаніцына выдаваліся ў Беларусі толькі аднойчы: выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 1990-91 гадох выпусьціла невялікім накладам трохтомнік выбраных твораў сусьветна вядомага пісьменьніка. Дарэчы, калі з гэтым трохтомнікам пасьля чарговае позвы майму мужу на вайсковыя зборы замест яго прыйшла ў раённы камісарыят я, то ў асобе капітана знайшла там прыхільніка творчасьці Аляксандра Ісаевіча.

Пасьля публікацыі нарысу “Як нам уладкаваць Расею” асоба Аляксандар Салжаніцын у Беларусі стаў успрымацца многімі як новы ідэоляг вялікарасейскага шавінізму. Вось вядомая цытата з гэтага нарысу: “И вот за вычетом этих двенадцати (рэспублік) — только и останется то, что можно назвать Русь, как называли издавна (слово “русский” веками обнимало малороссов, великороссов и белорусов), или — Россия (название с XVIII века), или, по верному смыслу теперь: Российский Союз”.
XS
SM
MD
LG