Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі подпісаў: “Людзі ня вераць у выбары”


Працягваецца збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты. На Гарадзеншчыне большасьць прэтэндэнтаў ужо набралі неабходную тысячу подпісаў.

Незалежны прэтэндэнт на кандыдата па Гарадзенскай Занёманскай акрузе № 49 Сяргей Кузьмінок распавядае, што калі даводзіцца прасіць паставіць подпіс чыноўніка ці супрацоўнікаў міліцыі, дык тыя адразу адказваюць, што падпісваюцца за прэтэндэнтаў ад улады.

Кузьмінок: “Вельмі дрэнна тое, што людзі ня вераць у выбары, адмаўляюцца падпісвацца, лічаць, што ўсё роўна за нас усё зробяць. А тое, што, маўляў, мы вас вылучым, нічога ня зьменіць”.

Сябра АГП, Юры Істомін, зьбіраў подпісы ў Наваградзкай акрузе № 57. Сябры ініцыятыўнай групы ягонага канкурэнта распаўсюджваюць сярод людзей чуткі, што падпісацца можна толькі за аднаго прэтэндэнта.

Юр’я Істоміна ўразіла тое, як людзі на Наваградчыне ставяцца да будучых выбараў.

Істомін: “Людзі вельмі незадаволеныя адменай ільготаў, падвышэньнем цэнаў на харчы. Наваградак, наагул, вельмі дэпрэсіўны рэгіён, і там вельмі мала месцаў, дзе чалавек можа знайсьці добрую працу”.

У Слоніме зьбірае подпіс са сваёй групай сябра БНФ “Адраджэньне”, лекар Іван Шэга. Ягоны канкурэнт — старшыня Слонімскага райвыканкаму. І вось што кажа Іван Шэга:

Шэга: “Высьветлілася, што сябры ініцыятыўнай групы старшыні райвыканкама ўводзяць людзей у зман, бо кажуць ім, што подпісы можна ставіць толькі за аднаго прэтэндэнта. Я сам зьбіраю подпісы, і мне пра гэта казалі людзі”.

Зьміцер Кухлей
У Мастах Зьміцер Кухлей зьвяртае ўвагу на тое, што многія баяцца ставіць свой подпіс за вылучэнца ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Кухлей: “Некаторыя людзі кажуць, што мы вас падтрымліваем, але падпісацца ня можам, бо ў нас могуць узьнікнуць праблемы. Але калі ўжо будзе сапраўды праблема з подпісамі, то тады падпішамся”.

Амаль усе прэтэндэнты называюць асноўнай цяжкасьцю пры зборы подпісаў тое, што шмат каго зараз няма ў кватэрах: людзі паразьяжджаліся па лецішчах і ў адпачынкі.

Тым ня менш, большасьць сьцьвярджае, што мінімальна неабходная тысяча подпісаў ужо сабраная.
XS
SM
MD
LG