Лінкі ўнівэрсальнага доступу

423 ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паводле папярэдніх дадзеных, разам сабралі ўжо каля 150 тысяч подпісаў. Траціна зь іх прыходзіцца на долю прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Лідэрам у зборы подпісаў стаў кандыдат з адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Валчанін з Жодзінскай выбарчай акругі. Фэльчар “Хуткай дапамогі” першым пераадолеў рубеж у дзьве тысячы подпісаў.

У інтэрвію “Свабодзе” спадар Валчанін кажа, што гэта справа ягоных памочнікаў:

“Усё залежыць ад таго, якая ініцыятыўная група. Калі я чую, што са складу групы выходзяць людзі, дык, прабачце, гэта ўжо не ініцыятыўная група”.

Для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты трэба сабраць сама меней тысячу подпісаў. Спадар Валчанін, хоць і перакрыў норму ўдвая, спыняцца не зьбіраецца:

“Будзем працягваць, бо хочам больш знаёміць выбарцаў з пасланьнем АДС і з нашым пасланьнем. Так што гэты час, да 17 жніўня, будзем працаваць зь людзьмі”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя скарыстала магчымасьць зьбіраць подпісы праз пікеты. Так, у нядзелю ў Маладэчне прайшлі два пікеты за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты кіраўніка моладзевай партыйнай арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Аляксандра Шумкевіча.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу свайго калегі, таксама зьбіраў подпісы на пікетах:

“Мне спадабаўся збор подпісаў. Вядома, тут многія сваімі праблемамі жывуць. Але нейкай нэгатыўнай рэакцыі з боку тых, хто выяўляў цікавасьць і хацеў падпісацца, не было наагул. Даволі многія пыталіся: вы за ўладу ці за апазыцыю? І як толькі чулі, што за апазыцыю, адразу ставілі подпіс.

Раней казалі, што “апазыцыя” — гэта дрэннае слова і лепш яго не выкарыстоўваць. Па Маладэчне я не сказаў бы, што яно вызывае адмоўную рэакцыю. Наадварот, я падумаў, што трэба выразьней яго прамаўляць. Пасьля гэтага я пачаў казаць: у вас тры чалавекі ад улады, а гэта іх апанэнт, ён ад апазыцыі. І тады рэакцыя людзей значна лепшая”.

Адначасова са зборам подпісаў ідзе і вылучэньне кандыдатаў у склад участковых камісіяў. Актывіст кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Аляксандар Жучкоў кажа: патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты шукаюць рэзэрвы, каб мець сваіх аднадумцаў там, дзе ідзе непасрэдны падлік галасоў:

“Зараз яны зьбіраюць подпісы за сваё вылучэньне. І адначасова са сваіх камандаў шукаюць сябраў для ўчастковых камісіяў. І падчас збору подпісаў могуць зьявіцца актыўныя людзі, якія хочуць дапамагчы. Вось ім і прапануюць вылучыцца ў камісіі. Я ведаю, што пайшла такая праца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG