Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка не запрашаў за стол Лукашэнку з Валэнсам


У сёньняшняй інтэрнэт-вэрсіі польскай газэты "Dziennik" зьявіўся артыкул "Валэнса зноў сядзе за круглы стол". Артыкул пачынаецца словамі "Беларуская апазыцыя хоча перад верасьнёўскімі выбарам дамовіцца з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам" і спасылаецца на заклік да круглага стала пры пасярэдніцтве Леха Валэнсы, зь якім нібыта выступілі А.Мілінкевіч, В.Вячорка, А.Лябедзька і С.Шушкевіч. Вінцук Вячорка абвяргае гэтую інфармацыю аўтарства Артура Цехановіча.

"Пры ўсёй маёй бязьмежнай павазе да змагара за свабоду й першага прэзыдэнта вызваленай Польшчы Леха Валэнсы, я не выступаў і ня мог выступаць з такім заклікам", – піша Вінцук Вячорка і тлумачыць чаму.

Ён нагадвае, што дэмакратычныя сілы год таму ўжо прапаноўвалі ўладам прыняць умовы Эўрапейскага Зьвязу, выкладзеныя ў дакумэнце Эўракамісіі ад 21 лістапада 2006 году "Што Эўрапейскі Зьвяз можа даць Беларусі", і выканаць мінімум дэмакратычных патрабаваньняў: вызваліць палітычных вязьняў, спыніць палітычны перасьлед і ўціск незалежнай прэсы, забясьпечыць свабодныя й празрыстыя выбары.

Адказам уладаў, аднак, стала зьяўленьне новых палітычных вязьняў, разгон мірных масавых акцыяў, адсутнасьць зьменаў у выбарчым заканадаўстве, звальненьне людзей, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе з боку дэмакратычных сілаў.

На думку В.Вячоркі, “непрадуманыя заявы пра безумоўную гатоўнасьць эўрапейскіх арганізацыяў і краінаў распачаць беспасярэдні дыялёг з Лукашэнкам пераконваюць яго ў беспакаранасьці і служаць адной з ускосных прычынаў росту рэпрэсіяў падчас выбарчай кампаніі”.

“Некалькі тыдняў таму мне тэлефанаваў журналіст з "Dziennika", якому я выклаў гэтыя тэзы. Ён, аднак, задаваў мне пытаньні накшталт: "А як бы вы паставіліся да круглага стала, каб ён быў?" "А ці віталі б вы пасярэдніцтва Леха Валэнсы?" Зразумела, я сказаў, што вітаў бы перамовы, пагатоў сам іх прапаноўваў год таму, але на гэты момант я ня веру ані ў перамовы без умоваў, ані ў здольнасьць нават шаноўнага прэзыдэнта Валэнсы паўплываць на А.Лукашэнку.“

В.Вячорка абвінаваціў газэту "Dziennik" у тым, што яна маніпулюе інфармацыяй.
XS
SM
MD
LG