Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два тыдні да адкрыцьця сьвята сярэднявечнай культуры “Мсьціслаўскі фэст” леташнія ініцыятары адмовіліся ўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы.


Сваю пазыцыю яны аргумэнтуюць тым, што мясцовая ўлада імкнецца ператварыць фэстываль у фармальнае гарадзкое мерапрыемства. У райвыканкаме тым часам ня ўпэўненыя, ці адбудзецца сёлета фэстываль наагул. Першапачаткова плянавалася, што фэстываль пройдзе 15—16 жніўня.

Летась мсьціслаўскі фэстываль сярэднявечнай культуры ініцыявала група актывістаў культурніцкіх арганізацыяў Беларусі. Ініцыятыву актывістаў тады падтрымаў Мсьціслаўскі райвыканкам. Сёлета, зазначае адна з ініцыятарак Юлія Галіноўская, на разгляд ідэалягічнаму аддзелу Мсьціслаўскага райвыканкаму былі прапанаваныя праграма, канцэпцыя й мінімальны бюджэт фэстывалю:

“Тое, што было прапанавана намі, было адхілена. На маю прапанову, каб сказала адміністрацыя, чаго яны
Такое сьвята адміністрацыі, відаць, было не патрэбнае...
хацелі б насамрэч, ад іх ніякіх прапановаў не паступіла. Мы хацелі рабіць жывое сьвята, фэстываль, у які б быў заангажаваны ўвесь горад — такое сьвята адміністрацыі, відаць, было не патрэбнае. З размоваў проста было зразумела, што ім трэба фармальнае сьвята. Яны ўпісалі фэст рыцарскі ў праграму разьвіцьця турызму. Тое, што гэта жывы фэстываль, — гэта іх насамрэч не цікавіла”.

Афіцыйна, паводле Юліі Галіноўскай, улада заявіла, што бюджэт фэстывалю завялікі для яго маштабу. Гэтыя прэтэнзіі спадарыня Галіноўская адкідае, зазначаючы, што ў бюджэце закладзеныя мінімальныя выдаткі на праезд, харчаваньне й пражываньне ўдзельнікаў:

“Думаю, што галоўная прычына была менавіта ў тым, што мы замахваліся на грамадзкасьць — каб яна атрымала кіроўную ролю ў дачыненьні да фэстывалю, што, вядома, непрымальна для адміністрацыі. Безумоўна, фэст ня будзе сёлета такім маштабным, якім ён быў летась. Мы заяўляем афіцыйна, што да яго мы сёлета ня маем ніякага дачыненьня, мы ня ўдзельнічаем і таму ня можам гарантаваць ані якасьці, ані ўзроўню”.

У Мсьціслаўскім райвыканкаме фінансавы бок праблемы не камэнтуюць. Там зазначаюць, што пакуль невядома, ці адбудзецца фэст наагул:

“Ня ўсё залежыць толькі ад мясцовай улады. Яшчэ залежыць ад улады абласнога ўзроўню. Ёсьць такое пытаньне, як узгадненьне. Мы аддалі ўсе неабходныя дакумэнты, праграму фэстывалю на ўзгадненьне”, — кажа кіраўнік ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Сьвятаслаў Кусаў.

Летась Мсьціслаўскі фэст праходзіў пры падтрымцы касьцёлу. Мясцовы ксёндз Караль Тамэцкі ўстрымліваецца ад камэнтароў адносна арганізацыі сёлетняга фэстывалю. Ён толькі зазначае, што для яго галоўнае, каб фэстываль адбыўся.

У праграме сёлетняга фэстывалю ўпершыню меўся адбыцца зьезд Мсьціслаўскага зямляцтва. У ідэалягічным аддзеле паведамілі, што зьезд адбудзецца, але ў рамках дня гораду ў верасьні.

Упершыню сьвята сярэднявечнай культуры “Мсьціслаўскі фэст” адбылося летась у жніўні. У ім узялі ўдзел 16 рыцарскіх клюбаў з усёй Беларусі. Плянавалася, што сёлетні фэстываль адбудзецца 15—16 жніўня, а ўдзел у ім возьмуць беларускія, польскія, украінскія ды расейскія рыцарскія клюбы. Мсьціслаўцы і госьці гораду пабачаць рыцарскія турніры, канцэрты сярэднявечнай музыкі, а таксама наведаюць выставы ды кірмашы.

XS
SM
MD
LG