Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін шкадуе, што ня быў блізка знаёмы з Салжаніцыным.



“Але я яго бачыў, я ведаў яго перапіску з Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам. Для мяне, бясспрэчна, асоба Салжаніцына — гэта асоба значная, можа нават і вялікая.
Я памятаю добра, як зьявіліся яго публікацыі. Перш за ўсё “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, а потым вельмі любімае мною апавяданьне “Матрунін двор”. Гэта было ня толькі зьяўленьне новага таленту ў літаратуры, але гэта быў знакава тэматычны паварот у літаратуры, бо да таго, ужо нават і пасьля партыйных дакумэнтаў, пра рэпрэсіі так адкрыта і так цікава не пісалі. Ён адкрыў гэтую старонку ў расейскай літаратуры, а можа, нават і шырэй — у савецкай, эўрапейскай і сусьветнай.

Ягоны “Архіпэляг ГУЛАГ” — гэта была такая своеасаблівая бомба, калі на дакумэнтах паказваліся тыя жахлівыя факты рэпрэсій і жахлівыя факты зьдзекаў зь людзей, нечалавечых зьдзекаў, пра якія, можа, апрыёры і думалася, але ён гэта ўсё давёў вельмі ўмела, вельмі ярка і дакумэнтальна да сьвядомасьці ўсяго чалавецтва. У гібелі сталінізму ягоная заслуга агромністая.

Пасьля ягоныя публіцыстычныя рэчы — яны ў нечым былі вельмі супярэчлівыя. Для нас, беларусаў, відно было, што асоба Салжаніцына неардынарная, але, як мне здаецца, ня надта ведаючы гісторыю Беларусі, ня надта разумеючы душу нашу беларускую, ён зыходзіў з такіх расейскіх, блізкіх да імпэрскіх, пазыцый. Нас трошкі зьдзіўляла, як такая асоба, як Салжаніцын, так думае ці так лічыць патрэбным гаварыць.

Пры ўсім пры тым гэта быў чалавек, які мысьліў самастойна, які не баяўся з уладай гаварыць на роўных. І дзякуй яму за тое, што тым самым ён усіх, і пісьменьнікаў, і проста грамадзян падняў на нейкі новы ўзровень грамадзкай сьвядомасьці, на новы ўзровень мысьленьня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG