Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салжаніцын быў вялікім выпрабаваньнем для грамадзтва”

  • Міхаіл Раманоускі

Пра месца Салжаніцына ў сваім жыцьці і жыцьці беларускага грамадзтва разважае кінарэжысэр Юры Хашчавацкі.


“Натуральна, сьмерць Аляксандра Салжаніцына – гэта вялікае гора. Як бы ні ставіліся да яго, але трэба ўспомніць пра галоўнае: гэта быў адзін з тых людзей, якія прынесьлі нам у свой час тую праўду, якой мы ўсе баяліся пачуць. Калі мне было гадоў чатырнаццаць, я ўпершыню прачытаў аповесьць “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Здаецца, я тады мала што зразумеў, але тым ня меней, гэта быў першы ў маім жыцьці сыгналь, што ня ўсё ў парадку ў жыцьці, якім мы жылі.
Я не разумею ягоных поглядаў на расейскую імпэрскасьць, на тое, як ён разглядаў прадвызначэньне Беларусі як прыдатку Расеі

Салжаніцын быў вялікім выпрабаваньнем для грамадзтва. Вось і цяпер мы назіраем, як людзі гавораць, што Салжаніцын быў вялікім чалавекам. Але давайце ўзгадаем, як гэтага ж Салжаніцына ў 1960-я – 70-я гады цкавалі, як грамадзтва наладжвала сходы асуджэньня пісьменьніка, як уся краіна кляйміла яго. А чаму ж тады практычна ніхто, акрамя Растраповіча, які прытуліў яго на сваім лецішчы, ня стаў на ягоную абарону? Чаму так адбываецца? Значыць, нешта ня так у гэтым грамадзтве, якое так хутка і ўзносіць на шчыт людзей, і так хутка зьвяргае іх з гэтага шчыта, а пасьля зноў туды ж падымае. Гэта сьведчыць пра нясталасьць таго грамадзтва, у якім мы жывем.

Я крытычна ставіўся і стаўлюся да апошняга этапу творчасьці Аляксандра Салжаніцына. Я не разумеў і не разумею дагэтуль ягоных поглядаў на расейскую імпэрскасьць, на тое, як ён разглядаў прадвызначэньне Беларусі як прыдатку Расеі. Гэтак жа ён глядзеў і на Ўкраіну. Ён, уласна кажучы, зьявіўся ў апошнія гады базісам для новай хвалі рускага шавінізму. І тым ня меней я прызнаю, што гэта вялікі чалавек, які зрабіў для нас шмат у свой час – расплюшчыў нам вочы”.

XS
SM
MD
LG