Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казуліна зьнялі з пасады старшыні партыі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Менску адбыўся пазачарговы зmезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На ім вылучаныя патэнцыйныя кандыдаты ад партыі для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Зьезд зьмяніў старшыню партыі.

Да пачатку гэты зьезд прэзэнтаваўся як тэхнічны. На ім павінны былі толькі вылучыць ад партыі патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Аднак бальшыня дэлегатаў (а іх зьехалася 76 з 86) запатрабавала ўключыць у парадак дня пытаньне аб пераабраньні партыйнага кіраўніцтва. На пасаду старшыні партыі спачатку вылучылі чатыры асобы. Аднак Алег Трусаў і Мечыслаў Грыб адмовіліся балятавацца. Таму прэтэндэнтаў засталося двое: старшыня партыі Аляксандар Казулін, які знаходзіцца за кратамі, і выканаўца абавязкаў старшыні партыі Анатоль Ляўковіч.
53 дэлегаты прагаласавалі за Ляўковіча, 22 – супраць. Аляксандра Казуліна абвясьцілі ганаровым старшынём партыі.
Спадар Ляўковіч так ацэньвае пэрспэктывы партыі:
Анатоль Ляўковіч з пасьведчаньнем дэлегата з'езду
“У цэлым сытуацыя ў партыі стабільная. І гэта – добры падмурак для яе дынамічнага разьвіцьця і ўмацаваньня. Гэты зьезд і парлямэнцкая кампанія, якая ўжо ідзе, для нашай партыі зьяўляецца пачаткам будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Часу засталося няшмат. Партыя павінна актыўна ўдзельнічаць у вызначэньні пэрспэктыўных кандыдатаў на вышэйшую пасаду. Бальшыня сяброў партыі перакананая, што мы ў баяздольным стане прыдзем да прэзыдэнцкіх выбараў”.

Павал Знавец – сябра партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня лічыць стратэгічнай памылкай рашэньне аб зьняцьці спадара Казуліна зь ягонай партыйнай пасады:
“У гісторыі Беларусі, прынамсі, навейшай, і ў гэтым, і ў мінулым стагодзьдзях не было яшчэ прэцэдэнту, каб старшыня сядзеў у турме, а яго пераабіраюць перад важнай палітычнай кампаніяй.
Палітычна гэта – удар па партыі, спроба яе змаргіналізаваць канчаткова. І мы пераўтворымся ў партыю канапнага тыпу. Яна можа проста разбурыцца, і ў нас ня будзе партыі”.
Сустаршыня Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька сказаў “Свабодзе”, што зьмена лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) не павінна адбіцца на сумесных дзеяньнях:
“Мы працуем у фармаце кааліцыі. І гэта патрабуе, каб суб’екты прыспусьцілі свае партыйныя сьцягі і падзяліліся часткай партыйнага сувэрынітэту. Але разам з гэтым ёсьць справы, у якія ніхто не мае падставаў – ні палітычных, ні прававых, умешвацца. Гэта ўсё ж такі ўнутраная справа, каго выбіраць кіраўніком. Таму гэта іх пытаньне”.
Сёньняшні зьезд вылучыў патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шэсьць сяброў партыі. Гэта –Анатоль Ляўковіч, Валянцін Лазарэнка, Анатоль Гнеўка, Аляксандар Мікулін, Анатоль Юрэвіч і Валеры Фралоў. Усе яны абраныя ў тых выбарчых акругах, дзе партыя мае свае афіцыйна зарэгістраваныя суполкі. А ўсяго з улікам вылучэньня праз збор подпісаў выбарцаў ад партыі балятуюцца 13 асобаў.

На фота : рабочыя моманты зьезду , галасаваньне, выступ Вольгі Казулінай, якая абвінаваціла А.Ляўковіча ў тым, што той скажае факты пра яе бацьку.










Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG