Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 3 жніўня.

Мастачка Вольга Дзёмкіна выехала ў Францыю адзінаццаць гадоў таму – у 1997-м. Думала павандраваць і вярнуцца, але лёс распарадзіўся іначай. Выйшла замуж за француза, зьдзівіла сваім мастацкім ткацтвам радзіму габэленаў, а аматараў жывапісу – сваімі фантастычнымі імправізацыямі. Ёй пайшлі заказы ад кнігавыдаўцоў, артыкулы пра яе зьявіліся ў заходнеэўрапейскіх мастацкіх энцыкляпэдыях. Прыехаўшы на радзіму, мастачка з радасьцю згадзілася на інтэрвію.

Міхась Скобла: “Спадарыня Вольга, я не пытаюся пра ваш тамтэйшы побыт, пра моўныя праблемы; раскажыце, як вы акліматызаваліся ў францускім грамадзтве менавіта як мастачка?”

Вольга Дзёмкіна: “Калі птушка пералятае ў больш цёплае, у больш сьветлае гняздо, яна павінна адаптавацца. Павінна прывыкнуць да іншага асяродзьдзя, да новых расьлінаў, да новага сонца, хоць здаецца, што сонца сьвеціць усім аднолькава. Безумоўна, забыць мінулае і пачаць новае жыцьцё мастаку вельмі няпроста. Усё трэба пачынаць з нуля. Перанараджацца. Бо творчасьць замежнага мастака, які прыехаў у другую краіну, успрымаецца там не адразу. Каб зразумець ягонае мастацтва, каб адчуць ягоныя традыцыі, ягонае мысьленьне, трэба ведаць краіну, зь якой ён прыехаў, трэба ведаць, якія карані яго сілкавалі, якія воды абмывалі, якія вятры авявалі вібрацыю ягонай душы. Зразумела, я пра ўсё гэта ня думала, проста працягвала звыкла працаваць, не спыняючыся, нават тады, калі жыцьцё ня надта ласкава абыходзілася са мною. Я не эмігрант, я не палітычны ўцякач, я не перайшла па патайных сьцежках мяжу, я проста зьдзяйсьняла сваё жыцьцёвае падарожжа, і так сталася, што спынілася ў Францыі. Але грамадзянства ў мяне застаецца беларускае, і я ня бачу патрэбы яго зьмяняць”.

Скобла: “У Беларусі вас ведалі як майстра габэлену, я памятаю вашыя шыкоўныя творы, якія бачыў на выставах. А ці займаецеся вы мастацкім ткацтвам у Францыі?”

Дзёмкіна: “Магчыма, мой адказ будзе нечаканкай для радыёслухачоў, для маіх беларускіх каляжанак, якія працуюць у габэлене. Але, на дзіва, у Францыі зьнік габэлен як від сучаснага мастацтва. І калі я прывезла свае творы і выстаўляла іх у Парыжы, Ліёне, Сант-Эцьене, Ам’ене, то людзі прыходзілі на выставы і бясконца зьдзіўляліся. А сёй-той нават думаў, што я пісала пэндзьлем па тканінах! Гэта мяне нават абразіла, бо габэлен нарадзіўся на зямлі Францыі! Францыя – радзіма габэлену! Я была ў шоку, але пасьля зразумела, што габелен у Францыі ўсё ж застаўся, але толькі як рэстаўрацыя старажытных габэленаў. І сёньня ў Францыі я маю пэрспэктыву як габэленшчыца: сёлета мяне запрасілі на прэзыдэнта па тэкстылі, мая задача – адрадзіць габэлен у Ліёне”.

Скобла: “Французам пашанцавала – прыехала Вольга Дзёмкіна і адродзіць для іх іхні ж габэлен”.

Дзёмкіна: “Адрадзіць габэлен – мабыць, сказана залішне гучна. Але да мяне ў майстэрню заходзілі людзі, аглядалі, абмацвалі мае габэлены на выставах, вельмі доўга прыглядаліся, гадамі, і вось толькі цяпер прапанавалі мне ўзначаліць гэтую справу. Для мяне гэта ганарова і адказна. Але мне таксама хочацца злучыць габэлен францускі і габэлен беларускі і паглядзець, што атрымаецца ў выніку. Чаму не? Не заўсёды французы, якія адкрылі габелен, могуць тут быць заканадаўцамі моды. Чаму беларусы ня могуць зрабіць рэнэсанс, адрадзіць тое, што страчанае? Гэта абсалютна нармальна”.

Скобла
: “Думаю, што гэта вам цалкам па сілах. Нядаўна ў Літаратурным музэі Янкі Купалы вы прэзэнтавалі кнігу “Падарожжа на плянэту мараў” – ваш супольны праект зь літоўскай пісьменьніцай Эміліяй Баленене-Легутэ. Як такое сталася магчымым, што ў Францыі пачалі выходзіць прыгожыя беларускія кнігі?”

Дзёмкіна: “О, тут цэлая гісторыя! Трыццаць гадоў таму я купіла гэтую кніжачку ў Баранавічах. І яна сталася адной з маіх улюбёных кніг. Я безьліч разоў перачытвала яе, захаплялася тонкім пісьмом паэтэсы, якой ніколі не бачыла. Ведаеце, для добрых казак няма ўзросту. Калі ты маленькі, то бачыш і адчуваеш адно, а калі ты дарослы – чытаецца зусім іншы тэкст! І вось, ужо ў Францыі, я аднойчы расказала сюжэт адной казкі свайму мужу Жаку Д’Экалю, і ён быў у захапленьні, і мы вырашылі перавыдаць гэтую кнігу па-беларуску, па-француску і па-ангельску. І мы ажыцьцявілі задуманае, папярэдне знайшоўшы гэтую паэтэсу, і я зь ёй доўга размаўляла па тэлефоне, а потым і пісьмы пасыпаліся. Яе душа абсалютна зьлівалася з нашым разуменьнем душы беларускай. Аказваецца, Эмілія жыве каля саменькай мяжы зь Беларусьсю, восем кілямэтраў ад яе лецішча да мяжы. Яна выдатна ведае беларускую мову, перакладала на літоўскую апавяданьні Вячаслава Адамчыка, творы Алеся Разанава. Эмілія цудоўна на памяць чытае вершы Янкі Купалы, у яе сэрцы – абсалютная сымпатыя да Беларусі”.

Скобла: “Ужо ў ХХІ стагодзьдзі вы сталі ўладальніцай залатога мэдалю Міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры ў Парыжы і мэдалю Нацыянальнай асамблеі Францыі. За якія мастацкія дасягненьні вы атрымалі гэтыя прэстыжныя ўзнагароды?”

Дзёмкіна: “Мне трошкі няёмка гаварыць пра свае ўзнагароды… Яны – за мастацкую працу. Я пісала на тэхніцы, якая для маіх беларускіх калегаў здасца новаю. Я пісала па дрэве, гэтую фрэскавую манеру я дасканала вывучыла ў Італіі. Я напісала нізку твораў “Першыя суніцы”, духмяныя суніцы – гэта маё дзяцінства. За свае беларускія суніцы я атрымала францускі мэдаль, а другі мэдаль – за аздабленьне кнігі паэзіі Гіёма Апалінэра, продкі якога таксама паходзяць зь Беларусі. Для выдаўцоў гэта быў сюрпрыз. І яшчэ адну ўзнагароду маю за адзін твор, які нарадзіўся на вачах у публікі. У Францыі практыкуюцца такія імправізацыі. Я імправізавала на тэму прыроды таго рэгіёну, Ліёну, дзе я жыву, дзе шмат вінаў, дзе прыгожа адзначаюцца народныя сьвяты і рытуалы”.

Скобла: “Вы згадалі пра Апалінэра і французскія віны, і мне прыгадалася, што ён называў бутлі з шампанскім найлепшай у свеце артылерыяй... Вы зьяўляецеся чальцом Рады мастакоў Францыі. Гэта аналяг нашага Саюзу мастакоў?”

Дзёмкіна: “Так, Рада мастакоў падобная на Саюз мастакоў, але з больш шырокімі магчымасьцямі і паўнамоцтвамі. У саюзе толькі беларускія мастакі, а ў радзе сяброўства інтэрнацыянальнае. Чальцы рады маюць магчымасьць выстаўляць свае творы ня толькі ў Францыі, але і ў Англіі, Швайцарыі, Швэцыі і г.д. І я, напрыклад, з гэтага карыстаю і даволі актыўна паказваю сваё мастацтва ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе, у Скандынавіі”.

Скобла: “У Парыжы да нядаўняга часу жыў вядомы беларускі мастак і скульптар Міхась Наўмовіч, а цяпер жыве графік Барыс Забораў зь Менску. Ці сустракаецеся вы там са сваімі землякамі?”

Дзёмкіна: “На жаль, вельмі рэдка. Але мы сочым за творчасьцю землякоў. Трэба сказаць, што ў Францыі, напрыклад, у тым жа Парыжы, адбываецца безьліч самых розных мастацкіх імпрэзаў. Вельмі цяжка ўсё дапільнаваць. Зусім ня так, як у сымпатычным Менску, – можна ведаць усё, прысутнічаць на ўсіх выставах”.

Скобла: “Вы аздобілі некалькі кніг для францускіх выдавецтваў. Кніжная графіка ў Беларусі перажывае ня лепшыя часы, мастакам, ды й пісьменьнікам жывецца ня соладка. А як у Францыі? Ці можа францускі мастак кніжнай графікай зарабіць на жыцьцё?”

Дзёмкіна: “Калі мастак мае імя, калі ён дасягнуў пэўнага ўзроўню, то й жыве ён вельмі добра матэрыяльна. Гэта тычыцца ня толькі мастакоў, але і пісьменьнікаў, дзеячоў тэатру. Кніжная графіка – гэта толькі маленькая частка маёй творчасьці, я ілюструю толькі тыя кніжкі, якія мне вельмі падабаюцца. Гэта творчасць для душы. Я аздобіла ўжо шэсць кніжак, і да мяне зьвяртаецца шмат паэтаў, пісьменьнікаў Францыі, якія просяць праілюстраваць іх творы. А пасьля таго, як я атрымала мэдаль Акадэміі літаратуры і мастацтва LUTES у Парыжы, мне замовілі ілюстрацыі да кнігі “Мы – племя баранаў”. Гэта гумарыстычная гісторыя Францыі. Выдавецтву спадабаўся стыль маёй творчасьці”.

Скобла: “У вашых фантастычных малюнках ёсьць штосьці ад колеравай гамы Марка Шагала, які, дарэчы, доўгі час жыў і працаваў у Францыі, прыкладам, ён расьпісаў у Парыжы опэрны тэатар. Ці прызнаеце вы ў сваёй палітры пэўныя шагалаўскія ўплывы?”

Дзёмкіна: “Вы ведаеце, я вельмі паважаю і люблю Шагала, ганаруся, што я –ягоная зямлячка. Шагал вельмі славуты ў Францыі і ва ўсім сьвеце. Але наконт уплываў… Я ніколі не імкнулася быць падобнай да кагосьці, у мяне свая маленькая сцежачка ў мастацтве. Мы з Шагалам паходзім з Віцебшчыны, а там шмат азёраў, магчыма наш сіні колер адтуль, з поўначы Беларусі. Гэткім сінім колерам да нас прамаўляе душа Беларусі. Гэткай колеравай гамай ува мне адбіваецца мая беларуская зямля. Яе колеры, яе рытм, яе музыка і ствараюць маю палітру”.

Скобла: “Я ведаю, што вы ў пачатку 1980-х гадоў бывалі ў Зэльве ў Ларысы Геніюш. У лісьце ад 15 верасьня 1982 году паэтка пісала Валянціне Трыгубовіч: “Мілая Вольга Дзёмкіна пакінула мне вялікую акварэль зэльвенскага касьцёла”. Што вам памятаецца з тых пагасьцінаў у Ларысы Антонаўны?”

Дзёмкіна: “Ларыса Геніюш – мая ўлюбёная паэтка, яе творы я перачытваю ўвесь час у Францыі. Далёка ад радзімы я адчуваю патрэбу зьвяртацца да яе паэзіі. Мне пашчасьціла яе бачыць, зь ёю сустракацца. Незабыўны час падарожжаў, экспэдыцый, якія ў свой час арганізоўваў Музэй старажытнай культуры пры Акадэміі навук, калі там працавала Вольга Церашчатава. Аднойчы раніцай мы пад’яжджалі да Зэльвы, і я ўбачыла касьцёл, такі прыгожы, у лагчыне ляжалі туманы, і коні праскакалі. Мы прыпыніліся, і пакуль усе астатнія былі занятыя сваімі справамі, я напісала хуценька на картоне пэйзаж з касьцёлам. Калі мы зайшлі ў хату да Ларысы Геніюш, пэйзаж яшчэ ня высах. Ларыса Антонаўна глянула і кажа: “Ой, як добра маёй душы, гэта ж мой краявід!” Мне было прыемна, і я вырашыла падараваць пэйзаж паэтцы. “Не, даражэнькая Вольга, я не вазьму, хай застаецца ў музэі”. Я праявіла настойлівасьць. Ларыса Антонаўна хуценька выйшла, вярнулася зь вялізнай хусткай, расьпісанай прыгожымі ружамі, з кутасамі, якую прыслалі эмігранты з Канады. Гэтым разам ужо я пачала супраціўляцца: “Гэта ж падарунак вам, я не вазьму, гэта немагчыма”. І тады яна ўзяла і разрэзала хустку на чатыры часткі, бо нас там было чатыры жанчыны. Выйшла кожнай па хустцы”.

Скобла: “І дзе цяпер вашая хустка?”

Дзёмкіна: “Яна заўсёды са мной, я зрабіла з бакоў кутасы і захоўваю яе як дарагую рэліквію, як сымбаль любові да паэткі, якая аддала сваю любоў і сваё жыцьцё беларускай зямлі, уславіла яе прыгажосьць”.

Скобла: “Сёньня маладыя беларускія мастакі імкнуцца любым спосабам трапіць на Захад, знайсьці прызнаньне ў той жа Францыі, у Нямеччыне. Што б вы ім параілі?”

Дзёмкіна: “Мастаку заўсёды трэба быць самім сабой, бо ў душы кожнага творцы адгукаецца калярыт тае зямлі, дзе ён народжаны, успоены, вырас. Напрыклад, учора я патрапіла ў майстэрню народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. На ягоных палотнах – такі беларускі калярыт, такія беларускія краявіды! Калі глядзіш, проста фізычна адчуваеш вібрацыі душы мастака. Вось гэта вельмі важна. Я магу ганарыцца, што Шчамялёў – мой пэдагог, што ён даў мне разуменьне знайсьці сябе, ісьці па сваёй маленькай сьцежачцы. Ня трэба імкнуцца на аўтамагістралі ў мастацтве, яны могуць зьбіць з панталыку і расьціснуць. Трэба ісьці сваёй сьцежкай і разумець, што сьвятло маленькай зоркі іншы раз больш заўважнае на чорным небе, чым сонца ў сьпякотны дзень”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG