Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Андрэя Кіма перавялі ў “дворнікі”?


Агляд сытуацыі палітвязьняў.

У Андрэя Кіма зьмяніўся турэмны адрас – цяпер ён знаходзіцца ў 7-ым атрадзе Бабруйскай калёніі. Нагадаю, Андрэй Кім асуджаны на паўтара года пасьля студзеньскага мітынгу прадпрымальнікаў нібыта за напад на міліцыянта.

У Бабруйскай калёніі Андрэй Кім спачатку быў накіраваны ў 11-ы атрад і атрымаў працу на ўчастку пашыву элемэнтаў вайсковай формы – Кім шыў шэўроны для шынялёў. Маці актывіста Тацяна Кім кажа, што ў сына наладзіліся добрыя стасункі з іншымі асуджанымі з гэтага атрада, а таксама з адміністрацыяй атрада. Перавод у іншы, 7-ы атрад гэтыя стасункі абрывае, засмучана кажа Тацяна Кім. Да таго ж, перавод меў вынікам тое, што Андрэю давялося зьмяніць працу – зараз ён будзе “дворнікам”, бо 7-ы атрад заняты на прыбіраньні тэрыторыі. Прычыны пераводу Тацяне Кім невядомыя. Сын мусіў пазваніць маці па тэлефоне яшчэ ў аўторак, але званку Тацяна не дачакалася.

“Для мяне гэта не станоўчая навіна. Зараз не магу і ягоны голас пачуць. Калі будзе яго чарга, калі дадуць пазваніць? Чатыры дні чакала, што пазвоніць, каб даведацца, чаму – не дачакалася. Наколькі мне вядома, ён і сам ня ведае і ў разгубленасьці. Нічога не парушаў, хадзіў на працу – і вось табе”.

У адміністрацыі Бабруйскай калёніі Тацяне Кім не патлумачылі прычын пераводу яе сына ў іншы атрад.

Палітвязьні ў Беларусі часта сутыкаюцца зь нечаканымі пераводамі ў іншыя атрады і нават у іншыя калёніі. Варта згадаць лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, якога тройчы пераводзілі з адной калёніі ў другую. Паводле Валера Леванеўскага, гэтым яго ізалявалі ад наладжаных чалавечых кантактаў, што былы палітвязень лічыць формай уціску.

Гэтак нядаўна ў іншую калёнію, ў Менск з Воршы, быў пераведзены віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч. Нагадаю, яго асудзілі на 2,5 года зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта, што ў судзе актывіст рашуча абвяргаў. Сяргея Парсюкевіча накіравалі ў атрад, у якім адбываюць пакараньні былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў. Фармальна таму, што Сяргей Парсюкевіч да таго, як стаць прадпрымальнікам, некалькі гадоў служыў экспэртам у міліцыі. Нагадаю, першапачаткова ён быў вайскоўцам, служыў у касьмічных войсках на Байкануры. Ці ўтульна пачуваецца Сяргею Парсюкевічу ў менскай калёніі сярод міліцыянтаў, калі ўлічыць, што ён асуджаны за зьбіцьцё міліцыянта? Адказу на гэтае пытаньне у сям’і прадпрымальніка пакуль няма. Як Сяргей болей за тыдзень таму патрапіў ў калёнію, лістоў ад яго не было.

Вольга Казуліна ў Вашынгтоне сустракалася і размаўляла з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Гэта было на афіцыйным мерапрыемстве, якое прысьвячалася барацьбе за дэмакратыю ў розных краінах сьвету. Вольга згадвае, што зь некаторымі прадстаўнікамі праблемных у галіне правоў чалавека краінаў амэрыканскі лідэр гутарыў асабіста, і гэтая пашана была аказаная і ёй. Вось некаторыя падрабязнасьці размовы Вольгі Казулінай з Джорджам Бушам:

“Ён спытаў, колькі гадоў майму бацьку, і даведаўшыся, што яму 52 года, сказаў, што бацька яшчэ малады, пажадаў яму трымацца. Таксама ён пажадаў мне посьпеху у выбарчай кампаніі. Падчас нашых сустрэч ў Дзярждэпартамэнтце, Сэнаце мы падкрэсьлівалі, што толькі прынцыповая пазыцыя ЗША дапамагла вызваленьню да лютага 2008 года пяці палітвязьняў з шасьці. І што Аляксандар Казулін падкрэсьлівае: ён ня выйдзе на волю адзін, нават калі яму гэта прапануюць. Толькі разам з Андрэем Кімам і Сяргеем Парсюкевічам”.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю вулічных беспарадкаў і хуліганства. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што Казуліна ізалявалі як палітычнага лідэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG