Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды сёлета можа быць сабраны рэкордны для Беларусі ўраджай? Наколькі эфэктыўная аграрная палітыка ўладаў?

Чаму працаўнікі сельскай гаспадаркі зарабляюць менш за ўсіх і як выжываюць? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, былы намесьнік старшыні Менаблвыканкаму па сельскай гаспадарцы Аляксандар Ярашук і публіцыст Анатоль Гуляеў.

Цыганкоў: “1 жніўня Аляксандар Лукашэнка паехаў на Меншчыну, дзе ўзяў удзел у “бітве за ўраджай”. Сярод іншага кіраўнік дзяржавы абвясьціў, што сёлета можа быць сабраны рэкордны для Беларусі ўраджай збожжа. Ці сапраўды сытуацыя настолькі спрыяльная і можна чакаць рэкордаў?”

“Пра рэкордныя ўраджаі размовы кожны год”

Ярашук: “Тут прэзыдэнт мае рацыю. З майго пункту гледжаньня, ураджай можа быць памерам 10 мільёнаў тон збожжа. Гэта адбылося найперш таму, што апошнія гады дзяржава ўкладвала ў сельскую гаспадарку вялізныя сродкі – каля 46 трыльёнаў рублёў за апошнія тры гады.

Другая прычына ў тым, што сёлета надвор'е відавочна спрыяе ураджаю. Як спэцыяліст, я магу сказаць, што надвор'е было ледзь не ідэальнае”.

Гуляеў: “Увогуле, пра рэкордныя ўраджаі размова ідзе кожны год, але не заўсёды гэта атрымліваецца. Аднак сёлета я схільны пагадзіцца з Аляксандрам Ярашуком, што ўраджай сапраўды будзе рэкордным. Акрамя таго, што ўкладзена шмат грошай, куплена шмат новай тэхнікі – і амаль няма праблемаў з угнаеньнямі. Бо высокія ўраджаі атрымліваюцца тады, калі дастаткова ўгнаеньняў.

Добры ўраджай будзе яшчэ адным аргумэнтам, каб нічога не мяняць

Цыганкоў: “А якая цяпер сярэдняя ўраджайнасьць у Беларусі?”

Ярашук: “Сёлета будзе каля 34 цэнтнэраў з гектара. Гэта больш чым у ранейшыя гады, але менш, чым у палякаў і літоўцаў. З Расеяй цяжка параўноўваць, бо там вельмі розныя кліматычныя ўмовы, а з Украінай ураджайнасьць прыблізна аднолькавая.

Аднак гаварыць трэба найперш пра тое, эфэктыўная ці не сельская гаспадарка. Калі на беларускую сельскую гаспадарку праліўся залаты дождж – але ці спрацавалі гэтыя грошы, ці далі аддачу? Калі аналізаваць эфэктыўнасьць і канкурэнтаздольнасьць, то тут найперш трэба сказаць, што на сяле няма эканамічнай зацікаўленасьці, няма гаспадара. Я цяпер знаходжуся ў вёсцы, і магу гэта лішні раз засьведчыць. І калі гэтага няма, то часта інвэстыцыі, як вада ў пясок сыходзяць.

Трывожна тое, што калі сёлета і прырода, і людзі далі цудоўны ўраджай, то ўладай будуць зробленыя высновы, цалкам процілеглыя тым, якія павінны рабіцца. Гэта будзе яшчэ адным аргумэнтам, каб нічога не мяняць. Каб гэты прыгонны лад у выглядзе калгасаў ці, па сучаснаму СВК (сельска-вытворчыя каапэратывы) і надалей захоўваўся. Але палітыка, якая заснаваная выключна на камандна-адміністрацыйнай сыстэме кіраваньня, на адсутнасьці ўсялякай эканамічнай зацікаўленасьці, можа прывесьці толькі да поўнай дэградацыі сельскую гаспадарку”.

Цыганкоў: “Але прыхільнікі сёньняшняй каманднай сыстэмы скажуць, што яна дзейнічае, дае прадукт. Навошта яе мяняць, калі яна нейкім чынам працуе?”

Гуляеў: “Ну хіба што “нейкім чынам”. У Нямеччыне ёсьць зямля Брандэнбург, якая паводле ўмоваў кліматычных вельмі падобная да Беларусі і завецца там з-за беднай глебы “бляшанка зь пяском”. Але эфэктыўнасьць сельскагаспадарчай вытворчасьці там заўсёды была мінімум у два разы вышэйшая.

У мяне ёсьць знаёмыя фэрмэры ў Літве. Там фэрмэры, які працуюць ня першы год, якія здолелі разьвіць сваю вытворчасьць, менш 60 цэнтнэраў з гектару звычайна ня маюць. Ды і іншыя паказьнікі – надоі з каровы 7-8 тысяч літраў і гэтак далей”.

Цыганкоў: “А беларускія фэрмэры неяк адрозьніваюцца ад беларускіх калгасаў паводле эфэктыўнасьці? Ці сёньня такія ўмовы, што і фэрмэры ня могуць выдаць лепшыя паказьнікі?”

Гуляеў: “Могуць, і большасьць зь іх дае лепшыя паказьнікі, чым гэтыя калгасы-СВК – на парадак вышэй. Але калгасам даецца шмат грошай, і ўсё роўна атрымліваецца, што прадаўшы ўвосень свой ураджай, яны ня маюць грошай на заробкі людзям. А пры тым, што дзяржава не дапамагае фэрмэрам, яны жывуць за свой кошт”.

Ярашук: “На вялікі жаль, многія фэрмэры проста апускаюць рукі і пакідаюць фэрмэрства. Вось нядаўна мой школьны сябра плюнуў на ўсё і кажа – колькі ж можна гэта трываць? Бо дзяржава нават не маскіруе свае намеры аддаваць перавагу СВК, каб фэрмэры проста ня мелі ніякай пэрспэктывы”.

“Каб жыць у радасьці і шчасьці...”

Цыганкоў: “Як людзі на сяле ўспрымаюць свае цяперашнія заробкі? Паводле статыстыкі, заробкі ў аграрным сэктары найніжэйшыя. Вельмі часта сустракаюцца даходы 200-300 тысяч рублёў. Як людзі жывуць на гэтыя грошы, каго вінавацяць у такой сытуацыі?”

Ярашук: “Можна заўважыць, што найбольш падтрымліваюць сёньняшнюю палітыку люмпэны. Яны ўсімі рукамі трымаюцца за гэтыя СВК, хаця атрымліваюць, сапраўды, 200-300 тысячаў. Па-першае, яны баяцца самастойнасьці, адказнасьці за свой лёс, а па-другое, ёсьць магчымасьць існаваць за кошт гэтых калгасаў, бо – вядома ж, несьлі, нясуць, і будуць несьці, пакуль існуюць гэтыя калгасы.

Памятаеце вядомую прымаўку – “Каб жыць у радасьці і шчасьці, дык трэба красьці, красьці, красьці”? Прывяду адзін прыклад. У адной вёсцы старшыня калгасу мне распавядаў наступную гісторыю. Побач зь ягоным домам жыў чалавек, які зьехаў горад і вырашыў прадаць свой дом. Але ён нікому ня мог яго прадаць – бо ніхто не купляў. А чаму? Бо ён побач з домам старшыні. І калі даярка кожны вечар цягне з фэрмы вядзерца камбікармоў, а мужык мэханізатар цягне дадому нейкую жалезіну ці салярку, то – як гэта рабіць побач з старшынёўскім домам?

Літаральны тыдзень таму я гаварыў зь яшчэ адным сваім знаёмым. Ён вельмі вядомы, быў дэпутатам, да яго возяць паказваюць аграгарадкі. І я спытаў у яго, ці атрымліваюць твае даяркі 600 даляраў, пра якія казаў прэзыдэнт? Ён падумаў і сказаў: “Ну так, але за паўгоду”.

А ў Крычаве я размаўляю з аграномам адной з гаспадарак і пытаюся пра заробкі. Дык яна кажа – 200 тысяч. Я кажу – гэта ж жах! А яна адказвае – не, па крычаўскіх мерках дык і нядрэнна. Яшчэ вельмі заніжаная ў нашых людзей самаацэнка і ўяўленьне аб жыцьці”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG